Разгляд адміністрацыйных справаў, заведзеных супраць палітыкаў Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева адкладзены на 24 сакавіка праз няяўку палітыкаў. Абодвух вінавацяць у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў 17 лютага.
Журналістка “Белсату” знаходзілася ў залі, дзе меліся разглядаць справу Уладзіміра Някляева.
Судовае паседжанне па справе Някляева адкладзена на 24 сакавіка, на 14 гадзінаў. Імаверна, што аналагічнае рашэнне прынятае і на паседжанні па справе Статкевіча.
Справа датычыць «Маршу абураных беларусаў», які адбыўся ў Менску. Акцыя распачалася на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, калона прайшла па галоўным праспекце да будынку Міністэрства па падатках і зборах. Агулам у ёй узялі удзел некалькі тысячаў асобаў.
Імаверна, што палітыкаў асудзяць завочна. Мікалай Статкевіч заявіў, што не атрымліваў афіцыйнай позвы і таму не пойдзе ў суд.
Уладзімір Някляеў тым часам знаходзіцца за межамі Беларусі.
Разглядаць справу Мікалай Статкевіча прызначаны суддзя Дзмітрый Астапенка, справу Уладзіміра Някляева – Марына Запаснік.
МЛ, belsat.eu