Стамбульскія манеўры Лукашэнкі


«У нас з мусульманскім светам цесныя кантакты і аднолькавыя падыходы да сямейных каштоўнасцяў і нават правоў чалавека». Гэтак дзяржаўныя медыі тлумачылі ўдзел Беларусі ў саміце Арганізацыі ісламскай супрацы ў Стамбуле. Ды абяцалі новыя магчымасці і рынкі збыту.

За больш як содні ў Стамбуле кіраўнік Беларусі паспеў шмат: выступіў на ісламскім саміце і правёў цэлы шэраг перамоваў. Падчас сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым беларускі прэзідэнт нават панаракаў на Расею.

«У нас з’явіцца магчымасць абмеркаваць праблемы і бязладзіцы паміж намі ды нашым галоўным партнёрам – Расеяй», – заявіў Лукашэнка.

Нурсултан Назарбаеў адказаў, што ў іх ёсць агульны хаўруснік: Кітай. Маўляў, гэта адкрывае для Беларусі перспектыву неблагіах дывідэндаў – напрыклад, ад транзіту тавараў з усходу.

Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган у Стамбуле. Фота: БелТА

Шмат магчымасцяў адкрывае і сустрэча з эмірам Катару шэйхам Аль-Тані. Афіцыйна была размова пра развіццё дачыненняў наагул. Неафіцыйна – імаверна пра катарскі газ, пра які даўно марыць Аляксандр Лукашэнка. Асабліва актуальным пытанне робіцца цяпер, калі Расея не пагаджаецца знізіць на яго кошт.

Але наймацнейшай картай у размовах з Крамлём можа быць сам факт запрашэння ў Стамбул з боку Турцыі.

«Аляксандр Лукашэнка цікавы як краіна-партнёр ва Ўсходняй Еўропе ў сітуацыі, калі стасункі з Расеяй рэзка пагоршыліся. Мы – краіна, з якой трэба наладжваць эканамічныя сувязі», – лічыць журналіст беларускай службы «Польскага радыё» Аляксандр Папко.

Усход – справа тонкая

З адным з найвялікшых ворагаў Крамля Лукашэнка сустрэўся ў час, калі Пуцін нагадваў расейцам пра праблемы з турэцкім кіраўніцтвам. Стасункі Анкары і Масквы рэзка пагоршыліся, калі летась у лістападзе Турцыя збіла расейскі вайсковы самалёт над Сірыяй. Абодвух лідараў кіраўнік Беларусі ўжо спрабаваў мірыць, але Масква ніяк не адрэагавала. Ці не паехаў зноў прапаноўваць сваіх паслугаў?

«Расея – даволі моцная краіна, каб патрабаваць палітычных карлікаў, якія маглі б прадстаўляць свае інтарэсы, але так ці інакш Лукашэнка можа згуляць на свой імідж», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

Тым больш што пасля Украіны імідж міратворцы варта было б аднавіць. А тут зʼявілася яшчэ адна істотная нагода – мадэратарская функцыя Беларусі.

Аляксандр Папко лічыць, што ў Турцыю чакаюць беларускага пасярэдніцтва не ў расейска-турэцкім канфлікце, а ў Карабахскім канфлікце.

Турцыя і Расея падтрымліваюць розныя бакі ў Нагорным Карабаху. А Лукашэнка пасля абвастрэння сітуацыі на пачатку красавіку патэлефанаваў прэзідэнтам і Азербайджану, і Арменіі. Але невядома, ці захочуць такога пасярэдніка у Ерэване.

Але гатовасць да спрыяння ўва ўсталяванні міру дзе заўгодна выглядае добра ў вачах патэнцыйных партнёраў і інвестараў з Захаду ці нават ісламскага свету.

Задачу развіцця шматвектарных стасункаў з усім светаў Лукашэнка даў нашым дыпламатам. Міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў нядаўна, што «прэзідэнт паставіў задача дыверсіфікацыі нашай вонкаваэканамічнай ды вонкавапалітычнай дзейнасці».

Тым больш цяпер кіраўніцтва нашай краіны мусіць грукацца паўсюль, дзе магчыма, каб хоць штосьці прадаць. І даць ясны сігнал на ўнутраны рынак: нас радыя бачыць моцныя гэтага свету.

Ганна Любакова

Вынікі візіту Лукашэнкі ў праграме «ПраСвет» каментуе Вітальд Рэпэтовіч, публіцыст парталу Defence24.pl, эксперт у справах Блізкага Усходу.

А таксама ў «ПраСвеце»: дзе сірыйская «памяркоўная апазіцыя»? Чаму беларускія добраахвотнікі ва Украіне ў падвешаным стане? Ці Карабах быў азербайджанскім? Чаму ўлада Мадуры ў Венесуэле вісіць на валаску?

Глядзі таксама
Каментары