Сталёвая Алена або ў каго пайшоў Іван ІV Жахлівы


Алена Глінская фота Wikipedia

Як Вы думаеце, хто быў першай поўнаўладнай царыцай на прастоле Маскоўскага княства? Зноў жа чарговая літоўская князёўна! Дзеля якой вялікі князь Васіль ІІІ упершыню ў гісторыі Маскоўскага княства развёўся з жонкай(XVI ст.!). Хоць пасля смерці мужа княгіня Алена адмовілася марнець у халодных царскіх пакоях, фактычна зрабіла пераварот і падпарадкавала сабе суровых расейскіх баяраў. Менавіта пры ёй на некаторы час быў усталяваны мір з ВКЛ, у княстве пачалі чаканіць першую валюту і пабудавалі знакамітую Кітайгародскую сцяну, якая яшчэ некалькі стагоддзяў пасля абараняла Маскву ад нападнікаў.

Мы працягваем цыкл публікацыяў пра беларускіх феміністак. Зазначым, што выкарыстаны панятак «феміністкі» – умоўны і ў тэксце азначае эмансіпаваных для свайго часу жанчын, якія мелі мужнасць пайсці насуперак грамадскім стэрэатыпам і пакінуць свой след у гісторыі.

А каб цікавей было, замешаны ва ўсім гэтым ізноў князь-авантурыст Міхаіл Глінскі, які ў мінулым артыкуле заляцаўся да нашай Жанны Д’арк – Анастасіі Слуцкай. А здарылася гэта пасля няўдалага бунту, які падняў Глінскі супраць караля Жыгімонта Старога ў 1508-м годзе.

Васіль ІІІ. Фота Wikipedia

За год да мяцяжу Маскоўскі цар Васіль ІІІ распачаў вайну супраць заходняга суседа, таму бунт Глінскага быў яму акурат на руку. Планы стварыць асобную дзяржаву на чале з амбіцыёзным Міхалам Глінскім пад апекаю Масковіі ў выніку рухнулі, але пасля заварухі Васіль ІІІ Міхаіла не пакінуў у чаканні суда і пакарання, а велікадушна запрасіў разам з сям’ёй жыць пры сваім царскім двары.

Ішлі гады, Глінскі працягваў плесці свае інтрыгі і даплёўся да таго, што ў выніку трапіў у крамлёўскую вязніцу. І мабыць, загінуў бы ў ёй, каб не маладая пляменніца, якая незаўважна падрастала і набіралася жаночага хараства пры двары маскоўскага князя. Алена была дачкой роднага брата Міхаіла Васіля, які ва ўсім яго падтрымліваў. А маці яе, Анна, была дачкою сербскага ваяводы Стэфана Якшыча. У сумесі літоўскай і сербскай крыві нарадзілася прывабная маладая дзяўчына, якая па амбіцыях не ўступала свайму няўрымсліваму дзядзьку.

Скандальны развод маскоўскага цара і жаніцьба на маладой князёўне

Васіль ІІІ згаліў бараду дзеля Алены Глінскай. Кадр з серыялу “Іван Жахлівы”

Быў ужо 1525 год. 18-гадовая дзяўчына настолькі зачаравала Васіля ІІІ, што той вырашаецца выслаць сваю першую жонку ў манастыр і жаніцца паўторна. І не дзіва, што стары князь згубіў галаву. Алена Глінская была высокай, статнай маладзіцай з вогненна-рудымі валасамі і свежым тварам. Ходзяць легенды, што дзеля сваёй маладой абранніцы цар згаліў бараду і прымусіў да гэтага некалькіх сваіх баяраў.

Цягам 20 гадоў сужэнства з першай жонкай у Васіля ІІІ гэтак і не нарадзіліся дзеці. Цар забараняў нават жаніцца сваім братам, каб нашчадкі не з’явіліся ў іх першымі. Аднак спакуслівая маладая князёўна, якая маячыла перад вачамі даспелага ўладара на княскіх пірах, прымусіла Васіля ІІІ пайсці на беспрэцэдэнтны дагэтуль крок у гісторыі старажытнай Русі – развод. Бясплоднасць у той час не была дастатковай прычынай разводу, а выслаўшы былую жонку ў манастыр, князь фактычна не меў права жаніцца паўторна. Але менавіта па прыкладу Васіля ІІІ пазней сталі высылаць у манастыры сваіх бясплодных і нежаданых жонак рускія манархі. Дарэчы, сасланая княгіня Саламонія была кананізаваная Рускай царквой у ліку прападобных як Сафія Суздальская.

Пасля разводу маскоўскі князь ажаніўся з Аленай на пачатку 1526 года, маючы 47 гадоў. Па просьбе другой жонкі князь выпусціў з вязніцы дзядзьку Міхаіла Глінскага з абяцаннем, што той нікуды не ўцячэ. Доўгі час маладая царыца таксама не магла зацяжарыць, і толькі праз 4 гады нарадзіла Васілю ІІІ наследніка Івана, які ў гісторыі стане вядомы, як Іван ІV Жахлівы. Ад маці першынец атрымаў рудыя валасы, не характэрныя на той час уладарам Масковіі. Потым з’явіўся на свет чарговы сын Юрый. Старому (на той час) князю не доўга было наканавана радавацца сынам і ў 1533-м годзе ён памірае.

Вайна за маскоўскі трон

Іван Фёдаравіч Аўчына Целяпнёщ-Абаленскі перад князёўнай Аленай Глінскай і сынам Іванам малюнак Wikipedia

Пасля смерці мужа, пажадлівая да ўлады Алена фактычна не пагадзілася з другаснай роляю пры двары і здзейсніла дзяржаўны пераварот разам са сваім каханкам канюшым баярынам Іванам Фёдаравічам Аўчынам Целяпнёвым-Абаленскім. Злыя языкі казалі, што менавіта ён з’яўляецца праўдзівым бацькам першага сына Івана. Прынамсі да з’яўлення маладога і статнага баярына пры двары ў княскай сям’і дзяцей гэтак і не прыбаўлялася. Аднак плёткі не пашкодзілі ў тым, каб у будучыні сын Алены дайшоў да ўлады, праславіўся як адзін з самых жорсткіх рускіх цароў.

Цікава, што не зважаючы на кроўную сувязь, Міхал Глінскі не падтрымаў пляменніцу і наўпрост абвінаваціў яе ў распусце. За гэта, не міргнуўшы вокам, Алена кінула дзядзьку ў вязніцу, дзе той памёр ад голаду. Пасля перавароту літоўская княгіня Алена стала фактычна другой пасля Соф’і, дачкі Вітаўта Вялікага, жанчынай, якая стала рэгентам Маскоўскага княства і сканцэнтравала ўсю ўладу ў сваіх руках.

Заслугі на царскім троне

Рэканструкцыя твару Алены Глінскай. Крныніца Wikipedia

Маскоўская царыца літоўскай і сербскай крыві прабыла на троне крыху больш за чатыры гады. За час свайго праўлення князёўне Алене ўдалося зрабіць тры рэчы, праз якія яе памятаюць летапісы. У 1537 годзе Алена падпісала доўгачаканы мір з Вялікім княствам Літоўскім на сваю карысць. Яе заслугай стала таксама ўвядзенне фактычна першай адзінай для Маскоўскага княства валюты – гэта была сярэбраная дзяньга з выявай вершніка з кап’ём. Менавіта адсюль пайшла сучасная назва манеты «капейка». Акрамя таго Алена Глінская выбудавала вакол Крамля Кітайгародскую сцену, якая яшчэ некалькі стагоддзяў служыла важным абарончым збудаваннем. Частку яе муроў дагэтуль можна пабачыць у Маскве.

Алена Глінская памерла ў 1538-м годзе і паводле чутак была атручанай. Яе цела дагэтуль спачывае ва Узнясенскім манастыры ў Крамлі.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары