Справа «праклятых лямпачак»: ратаваў прадпрыемства – трапіў у турму


Гарадзенскі абласны суд паставіў кропку ў справе Сяргея Дзяшкевіча, кіраўніка, які купіў лямпачак на 170 гадоў наперад.

Паставілі «падымаць агракамбінат»

Гэтая гісторыя распачалася ў 2009-м годзе, калі агракамбінат «Скідзельскі» прадаў іншаму прадпрыемству муку на 2 мільярды рублёў. Эканамічная сітуацыя ў краіне была вельмі складаная. Муку выраблялі, але рэалізоўваць яе не было каму: прадпрыемствы не мелі «жывых» грошаў для разлікаў.

Падчас нарады ў былога дырэктара Дзяшкевіч і іншы супрацоўнік атрымалі загад любымі спосабамі пагасіць запазычанасць, у тым ліку прымаючы пастаўкі любой іншай прадукцыі. Неабходна было выканаць планавыя паказальнікі збыту, каб атрымаць крэдыт ад дзяржавы на далейшае існаванне. Праз некаторы час Сяргей Дзяшкевіч узначаліў агракамбінат, бо тагачасны дырэктар памёр.

Прадпрыемства спрабавала перавесці свой доўг на некалькі іншых фірмаў, аднак і ў іх папросту не было грошай гэты доўг пагасіць. Дзяшкевіч у судзе тлумачыў, што спрабаваў зрабіць гэтак, каб гэтыя фірмы разлічыліся хаця б таварам. У выніку за муку фірмы паставілі ядахімікаты гербіцыды, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Частку ядахімікатаў скарысталі, а астатняе неабходна было вярнуць назад, бо сканчаўся тэрмін прыдатнасці, а ўзамен атрымаць іншы тавар. Тут і з’яўляюцца тыя «праклятыя лямпачкі», за якія сеў Дзяшкевіч.

Шкода агракамбінату

Гарадзенскі абласны суд

Як высвятлялася на судзе, Дзяшкевіч падпісаў дамову на пастаўку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, аднак не ўказваючы, які менавіта тавар будзе пастаўляцца. Як сцвярджае Дзяшкевіч, тавар ён не бачыў, а дамовы не былі дамовамі аб закупцы тавару. Кошт лямпачак павінен быў быць раўнаважным да гербіцыдаў. Хоць розніца па кошце відавочная: 1 кілаграм гербіцыдаў каштуе каля тысячы долараў.

Падсудны бараніўся ў судзе, кажучы, што кладаўшчык не паведаміла яму, які тавар прывезлі, а таксама што на лямпачкі адсутнічае сертыфікат якасці. Калі Дзяшкевіч даведаўся пра гэта, то спрабаваў вярнуць «праклятыя лямпачкі», аднак было ўжо позна. На прадпрыемства прыйшоў новы дырэктар, які з нейкай прычыне не даў дазволу разабрацца з лямпачкамі.

У выніку Сяргея Дзяшкевіча абвінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нанясенні шкоды прадпрыемству ў асабліва вялікім памеры. Памер шкоды акрэслілі на амаль 8 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

Як лічыць адвакат Сяргея, матэрыяльная шкода падлічана з парушэннямі. «У межах крымінальнага працэсу немагчыма ўсталяваць кошт лямпачак на сённяшні дзень, немагчыма падлічыць, колькі лямпачак было выкарыстана, застаецца пад пытаннем, якім чынам была падлічаная матэрыяльная шкода, якую запісаў суд. Пракуратура прасіла адмяніць слуханне па гэтай частцы і направіць на новы разгляд, але суд палічыў, што прысуд правільны. 7 мільярдаў 800 тысяч рублёў», – каментуе адвакат Сяргея.

Перавышэнне паўнамоцтваў ці нядбайнасць?

Сяргей Дзяшкевіч абвінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў дзеля матэрыяльнай выгады. Але фактычна асуджаны аніякай выгады з гэтага не меў. Сям’я былога кіраўніка агракамбінату жыве даволі сціпла. Жонка трымае гаспадарку і хатнюю жывёлу. Калі была асабістая зацікаўленасць, то ў тым, што працаўнік стараўся стварыць бачнасць паспяховай працы камбіната, як робіць гэта большасць беларускіх прадпрыемстваў.

Як сцвярджае жонка Наталля, на судзе яны мелі нават хадайніцтвы ад райвыканкамаў, аднак суд не захацеў іх улічыць.

«Справа доўжыцца вось ужо 8 месяцаў. Першы раённы суд нікому не быў патрэбны. Гэта была проста фармальнасць. Сядзела суддзя, сядзеў дзяржабвінаваўца. Ім нікому нічога не трэба было. Цяпер я думала, што хоць нешта зменяць. Усе парушаюць свае інструкцыі, адзін мой муж сядзіць у турме. Колькі б мы не звярталіся, якія б довады не даваў наш адвакат, нікому нічога не трэба. Яны паставілі мэту яго пасадзіць і пасадзілі. Гэта беззаконне. Гэта не суды, а судзілішчы нейкія. У судах знайсці праўду немагчыма. І ў каго яе зараз дабівацца?», – кажа спадарыня Наталля.

Як сцвярджае адвакат Сяргея Дзяшкевіча, віна ў падпісанні дамовы, у выніку якой на Скідзельскі камбінат паставілі лямпачкі па завышаным кошце была даказана, але на яе думку, наўмыснага намеру прычынення шкоды прадпрыемству ён не меў. Гэта нядбайнасці і, адпаведна, зусім іншы артыкул Крымінальнага кодэксу.

Аднак пасля васьмі месяцаў справы абласны суд пакінуў прысуд папярэдняга раённага суда без зменаў. 5 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці і выплатай матэрыяльнай шкоды, нанесенай Агракамбінату «Скідзельскі».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў