Чычэрына паскардзілася на «футболабандэраўцаў» з ФІФА


Спявачка, якая праслаўляе ў сваіх творах сепаратыстаў Данбасу, паскардзілася на цэнзуру з боку ФІФА.

Ураджэнка Екацярынбургу, расейская выканаўца Юлія Чычэрына з’яўляецца прыхільніцай Наваросіі і рэспублік, абвешчаных сепаратыстамі пры падтрымцы Масквы. Часта выступае ў Луганску і Данецку, стварыла «гімн Наваросіі» і іншыя песні, якія ўсхваляюць ДНР і ЛНР.

Цяпер Чачэрына паскардзілася, што яе погляды ды сімпатыі былі пакараныя «футболабандэраўцамі». Гэтак яна пракаментавала ліст, які атрымала з маскоўскага офісу ФІФА.

У лісце Юліі Чычэрыне паведамляюць, што Міжнародная футбольная федэрацыя забараняе спявачцы з’яўленне ў падзеях, звязаных з чэмпіянатам свету па футболе. Раней Чычэрына планавала выступаць для заўзятараў у Растове-на-Доне. Прычына забароны: творца звязаная з вайной.

У адказ абураная спявачка называе аўтараў апавяшчэння «футболабандэраўцамі». Чаму?

«Ліст быў на ангельскай мове, прычым з подпісам жанчыны з украінскім прозвішчам», – піша Чычэрына.

ЦГ/НМ, belsat.eu, паводле vk.com/chicherinka

Стужка навінаў