Спецназ з «Алмазам» затрымлівалі чорных капальнікаў


Праваахоўнікі затрымалі шукальнікаў зброі.

Спецаперацыя была праведзеная ў канцы мінулага тыдня Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення «Алмаз» ды Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання.

У выніку былі затрыманыя 48-гадовы жыхар Віцебску і 36-гадовы жыхар Заслаўя.

У УУС Менгарвыканкаму паведамілі, што ў затрыманых канфіскаваны цэлы арсенал часоў Вялікай Айчыннай вайны. Спецыялісты Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў пацвердзілі, што пісталет-кулямёт МР-40, вінтоўка Мосіна, пісталет-кулямёт Шпагіна ўзору 1941 году і 15 патронаў калібру 7,62 з’яўляюцца зброяй і боепрыпасамі.

Экспертныя даследаванні не завершаныя ў дачыненні да яшчэ некалькіх зброевых знаходак, больш за дзясятак гранатаў і сотняў патронаў.

Ці варта калекцыянерам баяцца ўказу пра «чорных капальнікаў»?

Пачалося з таго, што праваахоўнікі даведаліся пра мужчынаў, якія спецыялізаваліся на пошуку зброі і боепрыпасаў, раскопкі пераважна праводзілі на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Выкарыстоўвалі спецтэхніку. Знойдзеную зброю чорныя капальнікі рэстаўравалі да працоўнага стану, пасля праз інтэрнэт шукалі пакупнікоў. У лесе побач з вёскай Лашаны Менскага раёну праваахоўнікі знайшлі зброевы тайнік чорных капальнікаў. Сілавікі не выключаюць наяўнасці іншых такіх тайнікоў.

У адносінах да затрыманых Упраўленне Следчага камітэту па Менскай вобласці распачала дзве крымінальныя справы паводле ч.2, 3 арт.295 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў