Смуродная катастрофа ў Гомельскай вобласці. Прычына ў свінакомплексе

video

Жыхары вёскі Краснагорск не могуць выйсці з дамоў, не скрывіўшыся, бо пах у ваколіцах невыносны. На іхную думку, прычынай стаў свінакомплекс па суседстве.

Бруд, які ўзяўся невядома адкуль. Жыхары вёскі Краснагорск, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, штодня пакутуюць ад паху адкідаў – а з прыходам спякоты пах зрабіўся проста невыносны. Вяскоўцы жывуць каля адстойнікаў гною, што пабудаваныя для мясцовага свінакомплексу. Яшчэ некалькі гадоў таму жыхароў абяцалі перасяліць, але пакуль справа з месца не рухаецца – толькі цяпер адстойнікі перапоўніліся, і бруд з іх вывозяць наўпрост у лагчыну.

«Дыхаем комплексам, аміякам, ванючай жыжай».

«Яны павязлі жыжу, туды разлілі, сюды разлілі па агародзе па саўгаснаму, ну а мы выйшлі, падыхалі, ды назад пайшлі. А што нам зрабіць?»

«Тут усе маўчаць бо працы няма, ніхто не хоча ўлазіць, у людзей па адным выходным на тыдзень на гэтым комплексе».

Апроч паху, вёсцы пагражае і экалагічная праблема – адкіды могуць забрудзіць грунтовыя воды.

«Небяспечна, калі яна апусціцца да ваданосных гарызонтаў і падвысіцца ўтрыманне нітратаў ды іншых небяспечных рэчываў для арганізма чалавека», – кажа эколаг Уладзімір Коўзелеў.

А гэта, у сваю чаргу, значыць, што атрутныя рэчывы могуць трапіць наўпрост у калодзежы Краснагорску.

Жыхары мяркуюць, што бруд прывозяць з мясцовага свінакомплексу, які ўваходзіць у склад прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Андрэеўка». Аднак кіраўнік гэтага прадпрыемства кажа, што смуродная жыжа ніякага дачынення да іх свінакомплексу не мае.

«Адкуль я ведаю, адкуль узялася жыжа? Са свінакомплексу арганіка возіцца на палі. – То не ваша значыць, да? – Ну канечне не наша!», – кажа Сяргей Зайцаў, кіраўнік ЧУП «Андрэеўка Агра».

Свінакомплекс не заўсёды можа ствараць праблему для суседніх вёсак – звычайна ямы для адкідаў маюць гідраізаляцыю, каб бруд не трапляў у ваду. Але ў выпадку з Краснагорскам бруд трапіў у сажалку – і адтуль адразу зніклі качкі ды іншыя птушкі. Вяскоўцы пакуль што звярталіся толькі ў мясцовы сельсавет, але ўцямнага адказу не атрымалі.

«Паколькі дзяржава сама ўсё на сябе бярэ, усё вырашае, то біць саму сябе не выходзіць, таму калі экалагічныя патрабаванні не выконваюцца, то гэта пытанне да дзяржавы, а яна гэтыя пытанні вырашыць не можа і адкладвае», – кажа грамадскі актывіст Уладзімір Кацора.

На думку экспертаў, вяскоўцы ў першую чаргу мусяць звярнуцца ў экалагічную інспекцыю і раённы Цэнтр гігіены ды эпідэміялогіі – каб спецыялісты ўзялі ваду на аналіз, а таксама маюць весці маніторынг ды сачыць, каб адкіды не забрудзілі крыніцаў пітной вады.

НХ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары