Скончылася следства па факце самагубства выкладчыцы Гомельскага дзяржуніверсітэту імя Францішка Скарыны


Паводле следства, жанчына пакутавала на дэпрэсію.

Здарэнне адбылося сёлета ў красавіку. 46-гадовую жанчыну знайшлі павешанай у пад’ездзе дома па вуліцы Савецкай, 106. Смерць выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры выклікала шматлікія версіі.

Паводле адной з версіяў, падставай для самагубства магло стаць высяленне выкладчыцы з кватэры. Дом, у якім яна жыла, атрымаў статус інтэрнату. Кватэры ў ім давалі супрацоўнікам ўніверсітэту, а выкладчыцу нібыта збіраліся звольніць.

Прадстаўнік Гомельскага Следчага камітэту Дзяніс Кузьмін паведаміў «Гомельскай праўдзе», што жанчына не ўдзельнічала ў судах, звязаных з прыватызацыяй жылля ў «праблемным» доме. Высветлілася, што ва ўніверсітэце яе не толькі не збіраліся звальняць, але нават накладаць дысцыплінарныя спагнанні.

Не пацвердзілася і версія праблемаў у сям’і, як падставы для самагубства. З мужам выкладчыца разышлася яшчэ ў 2008 г.

Следства выявіла, што жанчына пакутавала на дэпрэсію і раней спрабавала здзейсніць самагубства. У сваёй перадсмяротнай запісцы яна папрасіла нікога не вінаваціць у гэтым учынку і папрасіла за яго прабачэння.

ЮВ, belsat.eu паводле gp.by

Глядзі таксама
Каментары