Справа лідара незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюзу Ігара Комліка працягнутая да 2 лютага 2018 году.
Пра гэта Ігар Комлік паведаміў Радыё Рацыя. Паводле слоў Ігара Комліка, пра падаўжэнне расследавання яшчэ на 2 месяцы яму сказаў следчы падчас допыту ў Следчым камітэце.
Вядома, што справа тычыцца дзейнасці прафсаюзу ў 2011 годзе. Справу распачаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, цяпер яе вядзе Следчы камітэт Беларусі. Актывістаў рэгулярна выклікаюць на допыты. Комлік распавёў, што і ён, і Фядыніч увесь час адмаўляюць сваю віну.
Таксама Ігар Комлік паведаміў, што следчыя цікавяцца спісамі незалежнага прафсаюзу РЭП, а гэта, на думку падследных, не тычыцца справы.
«Мы маем сумневы, наколькі гэта крымінальная справа, гэта, хутчэй, пераводзіць яе ў палітычную», – мяркуе Комлік.
2 жніўня пасля ператрусу ў офісе незалежнага прафсаюзу РЭП былі затрыманыя старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік. Тады ж стала вядома, што супраць іх распачатая крымінальная справа паводле артыкулу аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. За гэта актывістам пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Генадзь Фядыніч у той жа дзень выйшаў на волю пад падпіску, а Ігара Комліка трымалі пад вартай яшчэ 2 месяцы.
КА, belsat.eu