СК – БАЖу: прэс-канферэнцыя па справе Regnum заўчасная


Следчы камітэт Беларусі лічыць заўчасным правядзенне прэс-канферэнцыі па справе аўтараў Рэгнуму Паўлаўца, Алімкіна і Шыпценкі, якія ўжо амаль палову года ўтрымліваюцца пад вартай па абвінавачанні ў распальванні нацыянальнай варожасці.

11 траўня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнулася ў Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру і КДБ з патрабаваннем арганізаваць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў усіх сродкаў масавай інфармацыі і падаць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання справы «Белага легіёну» і справы аўтараў Regnum.

У адказе СК Беларусі адзначаецца, што з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі Следчым камітэтам «давалася афіцыйная інфармацыя розным СМІ, у тым ліку замежным, не менш за пяць разоў».

«Зыходзячы з сітуацыі па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С.Шыпценкі, арганізацыя прэс-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ з’яўляецца заўчаснай. Пры гэтым адзначаем, што мы не выключаем магчымасць правядзення падобнага мерапрыемства ў будучыні, на далейшых этапах расследавання або па яго выніках», – гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарату СК Сяргея Кабаковіча.

Пра справу «Белага легіёну» у адказе СК ніводнага слова няма.

Адказаў ад КДБ і Генпракуратуры БАЖ пакуль не атрымала, паведамляе сайт baj.by.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў