«Сіметрычны» адказ Масквы на закон аб забароне прапаганды камунізму ў Польшчы?


17 ліпеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон аб забароне прапаганды камунізму ў Польшчы, каб канчаткова прыбраць з публічнай прасторы ўсе прыкметы васальнай залежнасці краіны ад Савецкага саюзу.

Нарматыўны акт рэгулюе працэдуру зносу помнікаў, памятных дошкаў, абеліскаў, знакаў, шыльдаў ды працэдуру змены назваў вуліц. Польскія законатворцы таксама стварылі каталог абʼектаў, якія не адпавядаюць прынятаму закону.

Вядома, што расейскі бок успрыняў гэты крок як аплявуху. Прадстаўнік Камітэту ў міжнародных справах Дзяржаўнай думы РФ Дзмітрый Новікаў паведаміў, што расейскі парламент рыхтуе зварот у звязку з «абурэннем» і «недапушчальнасцю такіх дзеянняў».

У сваю чаргу, дэпутат ад партыі «Единая Россия» Дзмітрый Саблін назваў закон праяваю «няўдзячнасці» і спробаю «выдаліць памяць пра ўласныя грашкі», піша pl.sputniknews.com.

Мінабароны РФ нагадвае палякам пра вызваленне ад нямецкіх акупантаў

Імаверна, каб падмацаваць крытычныя заявы расейскіх дэпутатаў пра польскі закон аб забароне на прапаганду камунізму, 18 ліпеня Міністэрства абароны РФ запусціла вэб-праект «Вызваленне Польшчы. Кошт перамогі». На сайце апублікаваныя рассакрэчаныя архіўныя дакументы аб вызваленні Польшчы Чырвонай Арміяй.

Чытаючы рассакрэчаныя дакументы варта памятаць, што Сталін прынёс палякам не свабоду, а новы ланцуг. Толькі іншага колеру… Чырвоная Армія сапраўды вызваліла Польшчу ад нацыстаў і вельмі спрытна падмяніла іх сваймі – камуністамі, якія рэпрэсавалі 1,8 млн палякаў. Каля 150 000 чалавек загінулі ў віры сталінскіх чыстак.

Сярод апублікаваных дакументаў ёсць ліст камандзіра 1 Польскага корпусу генерал-маёра Зігмунда Берлінга да Іосіфа Сталіна.

«Вам, грамадзянін Маршал, і Вашаму ўраду мы прыносім падзяку за арганізацыю і ўзбраенне нашай дывізіі, за рэалізацыю нашай мары ўдзельнічаць у барацьбе супраць нямецкіх прыгнятальнікаў Польшчы. Мы ніколі гэтага не забудзем… Наша кроў, пралітая на фронце ў барацьбе з агульным ворагам, навекі змацуе дружбу польскага і савецкага народа», – гаворыцца ў лісце.

Хто такі Зігмунд Берлінг?

Служыў у 4-ым Палку пяхоты легіёнаў. Падчас польска-бальшавіцкай вайны камандаваў батальёнам, які абараняў Львоў. У 1939 годзе пасля шэрагу карʼерных узлётаў сышоў з войска. Паводле некаторых крыніцаў, быў звольнены пасля скандальнага разводу і спробы адсудзіць маёнтак сваёй жонкі. У 1939 годзе знаходзіўся ў Вільне. 4 кастрычніка быў арыштаваны НКУС і трапіў у лагер для ваеннапалонных у Старабельску. Паводле польскага Інстытуту нацыянальнай памяці, быў завербаваны НКУС. Супраца з саветамі дазволіла Берлінгу пазбегнуць «катынскага расстрэлу» – масавае забойства польскіх афіцэраў увесну 1940 года (было забіта каля 22 000 чалавек). У кнізе «Доўгая рука Масквы» польскі гісторык Славамір Цэнкевіч сцвярджае, што Берлінг усклаў адказнасць за «катынскі расстрэл» на гітлераўцаў. Пасля вайны Зігмунд Берлінг працаваў камендантам Вайсковай акадэміі Генштабу, пазней кіраваў Польскім саюзам паляўнічых, займаў высокія пасады ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. У 1963 годзе ўступіў у Польскую абʼяднаную працоўную партыю. Памёр у 1980 годзе.

Мінабароны Расеі таксама пастанавіла рассакрэціць «Палітданясенне палітаддзелу 6-ай арміі 1-га Украінскага фронту».

У ім гаворыцца, што палякі з радасцю сустракалі Чырвоную Армію, а польскія «беднякі і батракі выказваюць вялікую цікавасць да ўнутранага ладу СССР і жыцця працоўных у Савецкім саюзе». Паводле аўтараў данясення, «некаторыя палякі шчыра заяўляюць пра сваё жаданне мець Савецкую ўладу ў Польшчы».

У данясенні намесніка кіраўніка аператыўнага ўпраўлення штабу 1-га Беларускага фронту аб баях у Варшаве адзначаецца, што «значная частка насельніцтва г. Варшава варожа настаўленая супраць немцаў і гатовая дапамагчы Чырвонай Арміі і І-ай Польскай Арміі [паўстала на базе 1-ай польскай дывізіі ім. Тадэвуша Касцюшкі, якую стварылі па загадзе Сталіна]». І-ай Польскай арміяй кіраваў Зыгмунт Берлінг.

У данясянні таксама паведамляецца пра дапамогу ўдзельнікам Варшаўскага паўстання. «У ноч на 22 верасня 1944 г. у раёны, якія занялі паўстанцы нашыя самалёты скінулі: супрацьтанкавых ружжаў – 82, аўтаматаў -15, патронаў ПТР – 4200, патронаў ТТ – 81 000, патронаў вінтовачных – 68 420 шт., патронаў парабелум – 3360 шт., мінаў 50 мм – 6082 шт., нямецкіх гранатаў – 390 шт., – сухароў – 10 765 кг, канцэнтратаў – 6606 кг, тытуню – 400 кг, пячэння -332 кг, мясных кансерваў – 2266 кг, цукру – 725 кг, солі – 200 кг, кавы – 105 кг».

Што такое Варшаўскае паўстанне?

Варшаўскае паўстанне – (1 жніўня -3 кастрычніка 1944 года) узброены супраціў, арганізаваны Арміяй Краёвай (АК) у межах вайсковай аперацыі «Бура», супраць нямецкіх войскаў да ўваходу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Польшчы ў межах да 1939 года.

Мапа Варшаўскага паўстання

Польская падпольная дзяржава і ўрад у выгнанні намагаліся перахапіць у СССР ініцыятыву ды спрабавалі ўзмацніць свае пазіцыі, каб дамагчыся прызнання ад Іосіфа Сталіна, а таксама захаваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, межы якой СССР планаваў перакраіць, бо меў уласны план адносна лёсу Польшчы і натуральна, таго, хто будзе кіраваць краінаю пасля перамогі над Гітлерам.

У паўстанні загінула каля 18 000 жаўнераў АК.

«Большасць жыхароў з тугой узгадваюць паўстанне і кажуць, што правалілася яно праз адсутнасць зброі. Некаторыя мяркуюць, што Чырвоная Армія не паспела прыйсці на дапамогу паўстанцам», – гаворыцца ў дакладной запісцы палітупраўлення 1-га Беларускага фронту пасля вызвалення Варшавы.

У палітданясенні паліткіраўніцтва 1-га Беларускага фронту аб вызваленні польскага гораду Радом гаворыцца, што «акоўцы» [члены Арміі Краёвай – Заўв. Belsat.eu] зрабілі высновы са сваёй паразы на Любліншчыне… па-першае, яны глыбока заканспіраваныя, а па-другое, яны ўзмацнілі ідэалагічную апрацоўку насельніцтва і распускаюць плёткі на адрас Савецкага Ураду ды Часовага Ураду Польшчы».

Мінабароны РФ таксама апублікаваў сакрэтны дакумент, з якога вынікае, што падчас баёў у Польшчы часткі 1-га Украінскага фронту цягам студзеня 1945 года страцілі 18 531 жаўнера (прыкладна 5 % ад агульнай колькасці жаўнераў на гэтым фронце).

Балтыйскі фронт і ролік НАТО

Свежай нагодаю для гістарычных спрэчак некалькі дзён таму стаў ролік пра «лясных братоў», апублікаваны на афіцыйным youtube-канале NATO. «Пасля Другой Сусветнай вайны партызаны з усіх краінаў Балтыі пайшлі ў лясы, каб весці самую крывавую партызанскую вайну супраць савецкіх акупацыйных сілаў», – гаворыцца ў апісанні пад відэа.

Прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава назвала «лясных братоў» «фашысцкімі недабіткамі» і абвінаваціла NATO у спробе «падарваць вынікі Нюрнбегу».

Пасля Другой Сусветнай вайны «лясныя браты» ваявалі з савецкаю ўладаю да пачатку 50-ых.

У сучаснай гістарыяграфіі Літвы, Латвіі і Эстоніі «лясных братоў» лічаць удзельнікамі нацыянальна-вызваленчага супраціву, а ў савецкай і сучаснай расейскай – называюць прафашысцкім рухам.

Партызанская вайна супраць савецкай улады непрацяглы час вялася на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Украіны.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары