Што паабяцалі ўкраінцам палітычныя сілы, якія ідуць у Вярхоўную Раду?


Рэйтынгі

Паводле папярэдніх сацыялагічных даследаванняў у новы ўкраінскі парламент трапяць 7 палітычных партыяў, якія могуць пераадолець бар’ер 5 %.

  • Блок Пятра Парашэнкі – 30,4 %
  • Радыкальная партыя Алега Ляшка – 12,9 %
  • Партыя «Народний Фронт» – 10,8 %
  • Партыя «Самопоміч» – 8,5 %
  • Усеўкраінскае аб’яднанне «Батьківщина» – 7,5 %
  • Партыя «Опозиційний блок» (экс-Партыя рэгіёнаў) – 5,9 %
  • Партыя «Сильна Україна» (экс-Партыя рэгіёнаў) – 5,6 %

Партыя «Громадянська позиція» (4,8 %), Камуністычная партыя (4,1 %), партыя «Свабода» (3,1 %), Правы сектар (1,9 %).

Лідар парламенцкай гонкі

Партыйны спіс Блока Пятра Парашэнкі ўзначальвае лідар партыі УДАР Віталь Клічко, які нядаўна заявіў, што не збіраецца сыходзіць з пасады мэра Кіева. У каманду Парашэнкі таксама ўвайшоў ягоны сын Аляксей, шэраг паплечнікаў дзейнага прэзідэнта з часоў Памаранчавай рэвалюцыі, грамадскія актывісты, журналісты.

Патэнцыйная кааліцыя

Блок Пятра Парашэнкі + Радыкальная партыя Алега Ляшка

Падчас прэзідэнцкіх выбараў Алег Ляшко, лідар Радыкальнай партыі, заняў трэцяе месца. Цалкам імаверна, што прэзідэнцкай партыі давядзецца працаваць у кааліцыі з галоўным украінскім папулістам, які сёлета зарабіў свой рэйтынг на ўдзеле ў спецаперацыях у захопе прарасейскіх баевікоў на Данбасе. Апошнім часам ва ўкраінскіх медыях з’явілася шмат разгромных матэрыялаў пра лідара Радыкальнай партыі. У некаторых з іх Ляшка называюць палітычным праектам Сяргея Лёвачкіна, які кіраваў адміністрацыяй экс-прэзідэнта Віктара Януковіча. Іншыя звяртаюць увагу на шыкоўны дом, аўты і ўласны самалёт палітыка.

Блок Пятра Парашэнкі + «Народний Фронт»

У выпадку, калі другое месца на парламенцкіх выбарах дастанецца партыі дзейнага прэм’ера Украіны Арсенія Яцэнюка, то можна спадзявацца на кааліцыю дзвюх «партыяў улады». «Народний Фронт» – гэта новы праект украінскага прэм’ера (раней прымаў удзел у выбарах ад партыі «Батьківщина»). Кіраўнік ураду пастанавіў ісці на выбары з новаю палітычнаю сілай пасля таго, як яму не ўдалося дамовіцца з Блокам Пятра Парашэнкі пра супольны ўдзел у парламенцкіх выбарах.

Апазіцыя

Сёлетнія выбары ў Вярхоўную Раду Украіны могуць стаць апошнім шанцам вярнуцца ў вялікую палітыку для тых, хто нядаўна быў у камандзе Віктара Януковіча. На развалінах Партыі рэгіёнаў паўсталі дзве палітычныя сілы:

  • «Опозиційний блок» (лідар – Юрый Бойка, былы віцэ-прэм’ер па энергетыцы ва ўрадзе Мікалая Азарава);
  • партыя «Сильна Україна», якая таксама мае шанцы пераадолець бар’ер 5 % (лідар – Сяргей Цігіпка, віцэ-прэм’ер ва ўрадзе Мікалая Азарава);

Без Данбасу і Крыму

Разам з расейскай анексіяй Крыму, экс-рэгіяналы і ўкраінскія камуністы страцілі вялікую колькасць сваіх прыхільнікаў, што сур’ёзна паўплывае на іхныя перспектывы трапіць у новы парламент. Аслабленне пазіцыяў адбылося і з прычыны баявых дзеянняў на Данбасе, дзе традыцыйна гэтыя палітычныя сілы мелі высокі ўзровень падтрымання. Паводле ўкраінскага Цэнтрвыбаркаму на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублікаў выбары могуць адбыцца толькі ў 17 з 32 акругаў.

Абяцанні

Большасць палітычных сілаў, што прымаюць удзел у гэтых парламенцкіх выбарах, у сваіх праграмах робяць стаўку на праеўрапейскасць, абяцаюць дапамагчы бедным, перамагчы карупцыю, знізіць падаткі і мадэрнізаваць краіну.

Блок Пятра Парашэнкі, які лідаруе, абяцае выбарцам:

  • барацьбу з карупцыяй;
  • люстрацыю;
  • дэцэнтралізацыю ўлады;
  • зніжэнне падаткаў;
  • інтэграцыю ў Еўразвяз.

Радыкальная партыя Алега Ляшка будзе змагацца за:

  • увядзенне забароны на продаж сельскагаспадарчых земляў;
  • стварэнне фельчарска-акушэрскага пункту ў кожнай вёсцы;
  • дазвол на «правакацыю хабарнікаў»;
  • падатак на алігархаў.

«Народний Фронт» прапаноўвае ўкраінскім выбарнікам:

  • узмацненне палітыкі падтрымання малога і сярэдняга бізнесу;
  • рэформы заканадаўчых органаў улады, падатковай сістэмы, СБУ;
  • падтрыманне бедных слаёў насельніцтва і ветэранаў.

«Самопоміч» разлічвае на галасы выбарнікаў, якія негатыўна ставяцца да «старых кандыдатаў, апранутых у новае адзенне»:

  • развіццё прадпрымальніцтва;
  • стварэнне бізнес-паркаў і экспартна-крэдытных агенцтваў;
  • мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі.

«Батьківщина» ў сваёй праграме робіць стаўку на барацьбу з карупцыяй, а таксама прапаноўвае:

  • рэформу судовае сістэмы;
  • закон, які забавяжа чыноўнікаў публікаваць у інтэрнэце інфармацыю пра свае прыбыткі і выдаткі;
  • сістэму «прыватнага абвінавачвання» (кожны ўкраінец зможа прыцягнуць да адказнасці карумпаванага чыноўніка);
  • зніжэнне падаткаў.

199 з 425 дэпутатаў украінскага парламенту будуць абраныя ў аднамандатных акругах.  

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары