Шэсце Дзядоў Марозаў прайшло ў Менску


Да параду Дзядоў Марозаў са Снягуркамі сёлета далучыліся героі казак, паўночныя мядзведзі і акрабаты на хадулях.

Сваіх прадстаўнікоў на святочнае шэсце ў Менску скіравалі адміністрацыі ўсіх раёнаў. Некалькі соцень прафесійных аніматараў святаў чакалі на прыступках Палацу Рэспублікі галоўнага Дзеда Мароза краіны. Пасля запалення ялінкі, той разам са сваёй снягуркай ускочыў у белы кабрыялет і ўзначаліў навагоднюю аўтамабільную калону.

Дзяды Марозы былі разбітыя на Савецкі, Першамайскі і іншыя атрады, якія крочылі за калонай пешкі. На чале кожнага аддзелу адзін з Дзядоў трымаў вялікую шыльду з назвай сваёй адміністратыўнай адзінкі. Напрыканцы шэсця тыя, каму выпала несці гэтыя, на першы погляд, зусім не цяжкія табліцы прызнаваліся, што «відаць, памруць з гэтымі транспарантамі».

Парад дасягнуў кульмінацыі на пляцоўцы ля Палацу спорту, дзе адбылося снежнае шоў. Галоўным рэквізітам у гэтую бясснежную зіму стала рэзаная папера. Працягнуў імпрэзу святочны канцэрт, які будзе цягнуцца да поўначы.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў