Фрылансерка з Гомля першай у гэтым годзе сярод журналістаў адказала перад судом. Яе пакаралі на $ 240.
«У апошнім сваім слове я сказала, што пераследаваць журналістаў, канешне ж, можна, але толькі, калі яны падаюць непраўдзівую інфармацыю, абражаюць чыйсьці гонар. Але пераследаваць журналістаў толькі за тое, што яны займаюцца журналістыкай, збіраюць і распаўсюджваюць абʼектыўную інфармацыю – гэта, канешне, нізка, амаральна і подла з боку рэжыму», – так пракаментавала вырак Ларыса Шчыракова.
Незалежную журналістку Ларысу Шчыракову суд Гомельскага раёну пакараў штрафам у памеры 22 базавыя велічыні (4 млн 620 тыс. рублёў альбо $ 240). Яе прызналі вінаватай у парушэнні арт. 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а фактычна – праца на замежны СМІ без акрэдытацыі. Суд адбыўся сёння, 13 студзеня, разглядаў суддзя Аляксандр Лісоўскі.
У пратаколе капітана міліцыі Гомельскага РАУС Р. В. Цітова напісаў, што Шчыракова, «знаходзячыся 24 снежня 2015 года ў аграгарадку Урыцкае Гомельскага раёна, не маючы акрэдытацыі ў якасці замежнага карэспандэнта СМІ, падрыхтавала інтэрв’ю ў розных грамадзян, незаконна вырабіла прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта відэасюжэт «Падтрымка дзяцей-сірот на іх шляху да дарослага жыцця», які быў апублікаваны 24.12. 2015 у эфіры тэлеканалу «Белсат».»
Сюжэт у вырабе якога абвінавацілі журналістку, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлку Урыцкі. Пратакол журналістка атрымала па пошце 4 студзеня.
Летась Ларысу Шчыракову двойчы штрафавалі па тым жа артыкуле.
З праблемамі сутыкнуўся і гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі. Тыдзень таму яму поштай даслалі пратаколы – таксама за сюжэты на «Белсаце».