Саміт НАТО ў лічбах і фактах


Саміт НАТО ў Варшаве – міжнародная сустрэча сяброў і партнёраў НАТО на найвышэйшым узроўні – то бок, з удзелам кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў. У польскую сталіцу прыехалі Барак Оўбама, Ангела Мэркель, Франсуа Алянд, Дэйвід Кэмэран, Джастын Трудо і іншыя. Гэта першы саміт НАТО на тэрыторыі Польшчы.

Краіны-удзельніцы

У саміце бяруць удзел 38 краінаў: усе 28 сяброў альянсу, а таксама 10 партнёраў (Абʼяднаныя Арабскі Эміраты, Арменія, Афганістан, Грузія, Ірландыя, Македонія, Украіна, Фінляндыя, Чарнагорыя і Швецыя). Украіна – адзіная краіна-партнёр, якая правядзе паседжанне на найвышэйшым узроўні. Адна з пяці сесіяй сёлетняга зʼезду прысвечаная нашай усходняй суседцы. У гэтым паседжанні возьме ўдзел Пятро Парашэнка, а таксама дэпутатка Вярхоўнай Рады Надзея Саўчанка.

Медыі

На саміт НАТО акрэдытаваныя больш за 2000 журналістаў з усяго свету.

Галоўная тэма саміту

Гэта Расея. Альянс лічыць, што Расея паводзіць сябе «рашуча і агрэсіўна», таму будзе абмяркоўваць збольшага падыходы ў стасунках з галоўным хаўруснікам Беларусі. Саміт можа стаць найважнейшым ад моманту заканчэння халоднай вайны, бо павінен даць адказ пра будучыню альянсу, для якога Расея стала галоўным выклікам.

Сярод краінаў НАТО няма адзінага падыходу да новай палітыкі Уладзіміра Пуціна. Гэтак, Партугалія або Люксембург проста не разумеюць страхаў балтыйскіх краінаў або Польшчы, звязаных з апошнімі дзеяннямі Масквы.

Што-небудзь яшчэ?

НАТО заяўляе, што апроч Расеі надасць вялікую ўвагу праблеме мігрантаў. Наступнаю важнаю тэмай, якую ўздымуць у Варшаве, стане ўтрыманне эфектыўнай сістэмы ядравага пастрашэння. НАТО – ядравы вайсковы звяз, і такім застанецца.

Ці можа быць нешта больш важнае для НАТО за гэты саміт?

Так. У практыцы, важнейшай за саміт у Варшаве стане сустрэча міністраў абароны краінаў-сяброў НАТО ў Бруселі 14–15 ліпеня. Ад імя сваіх урадаў яны канчаткова зацвердзяць тыя рашэнні, якія будуць прынятыя ў Варшаве.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў