Гэтую каўказскую рэспубліку называюць паўднёвай брамай Расеі, а некаторыя мясцовыя жыхары «каменным мехам».
Тут здымалі легендарную савецкую стужку «Белае сонца пустэльні». Напрыканцы 90-ых тут стварылі прататып «Ісламскай дзяржавы» – гэтак званую Кадарскую зону (непрызнаны аўтаномны вахабіцкі анклаў). Тут нарадзіўся былы партнёр расейскай балерыны Анастасіі Валачковай – доларавы мільярдэр Сулейман Керымаў, а кіраўнік гэтай рэспублікі падобны да Аляксандра Лукашэнкі. Вось бадай што ўсё, чым хваляцца дагестанцы, калі да іх прыязджае замежнік.
Прыблізна а 9 вечара цэнтр Махачкалы, сталіцы Дагестану, ператвараецца ў велізарны аўтамабільны корак.
«Гэта наш Рамазан (Рамазан Абдулатыпаў) едзе дамоў, – распавядае таксіст Магамет. – Тут любяць кідаць панты. Кожны робіць гэта па-свойму. Адныя ездзяць на «Hummerʼах» і «Gelentvagenʼах», а іншыя з «дымком» стартуюць на скрыжаванні на сваёй «Ладзе». «Лада Priora» – самая папулярная машына ў Дагестане. Гэтыя тачкі тут як мясцовая валюта. Цягам гадзіны яе можна набыць, прадаць або памяняць на атару баранаў», – распавядае таксіст, які ўжо два гады возіць кліентаў на кітайскім «Lifanʼе».
Каўказскі тэмперамент адчуваецца тут ува ўсім. Мясцовыя кіроўцы махаюць рукамі, сігналяць без перапынку, нібы размаўляюць на сваёй дагестанскай аўтамабільнай азбуцы Морзэ. Яны ездзяць як варʼяты, і пацверджаннем гэтаму можа быць курган разбітых аўтаў на трасе Махачкала-Хасаўюрт (горад побач з чачэнскаю мяжою).
«Чачэнцы, дарэчы, жывуць лепш за нас, – мяркуе Ахмет, які пагадзіўся паказаць мне горны Дагестан. – Кадыраў навёў парадак. Там нармальныя дарогі. У Грозным пабудавалі прыгожую мячэць. Яны даказалі, што маюць права на лепшае жыццё і заплацілі за гэта крывёю. А тут бардак. Міністр ЖКГ правараваўся і ўцёк. Цяпер у Махачкале горы смецця. Паеду працаваць у Маскву. Маладым цяжка знайсці працу».
[/vc_column_text][vc_single_image image=”383407″ img_size=”large”][vc_column_text]Перадайце прывет «бацьку». Ён у вас малойца. Беларусы нам браты. Нашыя выступаюць за беларускую алімпійскую зборную – стандартны набор тэмаў, падчас размовы з дагестанцам, які даведваецца, што я з Беларусі. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што ў нас дарогі ледзь не мёдам намазаныя, што карупцыі няма і паўсюль расце бульба. Пра Лукашэнку ведаюць амаль усе, каго давялося сустрэць. Яго тут паважаюць за «моцную руку» і «ўменне садзіць злодзеяў». А вось Рамазана Гаджымурадавіча Абдулатыпава (у сацсетках яго нярэдка клічуць РГА на манер беларускага АГЛ), якога некалькі гадоў таму прызначыў кіраўніком Дагестану Уладзімір Пуцін, называюць папулістам і за пустую балбатню ахрысцілі Ляляціпавым.
«Дагестан – датацыйны рэгіён. Але федэральныя грошы не даходзяць да простых людзей. Я шмат гадоў працаў фінансавым аўдытарам і на ўласныя вочы бачыў, як чыноўнікі адмываюць бабкі, – распавядае пажылы рыбак, якога я спаткаў на ўзбярэжжы Каспійскага мора. – Пуціна на іх няма. Ён бы ім тут паказаў. Шкада, што яму цяпер не да нас. Там жа гэтыя яб**ыя хахлы цяпер ягоную кроў смокчуць».
Распавесці на камеру пра свой досвед працы фінансавым аўдытарам мужчына адмовіўся. «Даражэнькі ты мой, я яшчэ пажыць хачу», – усміхнуўшыся, сказаў рыбак.
[/vc_column_text][vc_column_text]У сталіцы Дагестану жыве каля мільёна чалавек. Апошнім часам усё больш маладых людзей прыяжджаюць сюды з горных раёнаў, дзе ўзровень і камфорт жыцця амаль не змяніліся з часоў савецкай электрыфікацыі, а ў некаторых вёсках з часоў заваявання гэтай тэрыторыі Расейскай імперыяй. Горны Дагестан паціху вымірае – даехаць туды цяжка, шмат дзе няма газу, мясцовыя топяць печкі кізякамі (сушаным гноем). Дзеці ходзяць у школу па некалькі кіламетраў або едуць на навучальны год у адмысловыя інтэрнаты.
«У іх тут няма перспектываў. Уяві сабе, што ты жывеш у вёсцы часоў Льва Талстога, а пасля прыязджаеш у Маскву. Ні адукацыі нармальнай, ні прафесіі. Вось такія хлопцы збіваюцца ў стаі і крышуюць сваіх жа», – распавядае кандыдатка ў Дзяржаўную Думу Расеі ад Дагестану Юля Юзік.
[/vc_column_text][vc_single_image image=”383416″ img_size=”large”][vc_single_image image=”383420″ img_size=”large”][vc_column_text]У 2001 годзе Юля прыехала ў Чачэнію, дзе ішла вайна, каб напісаць кнігу пра шахідак. Зрэшты, ў 2016-ым яна сама стала шахідкай, пішуць пра яе недобразычліўцы, дакладней, кандыдаукаю-шахідкай ад праекту былога расейскага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага. Ніхто, апроч яе самой не верыў у ейную перамогу ў парламенцкай гонцы. Яна шмат гадоў крытыкавала ў заходняй прэсе Уладзіміра Пуціна і ставіла нязручныя пытанні тым, хто быў адказны з палітыку на Каўказе.
«Я была наіўнаю апазіцыянеркаю, крытыкавала ўладу і гэта не мела ніякага плёну. Цяпер трэба арыентавацца на «тэорыю малых справаў». Колькі можна крытыкаваць… Трэба хоць нешта зрабіць», – казала мне Юля напярэдадні 18 верасня – дня выбараў у Дзяржаўную Думу РФ.
35-гадовая апазіцыянерка дала зразумець кіраўніцтву Дагестану, што не будзе лезці «не ў свае справы», ды спадзявалася, што Масква рыхтуе палітычную адлігу…
[/vc_column_text][vc_column_text]Юрась Высоцкі, belsat.eu