Салідарныя з Францыяй. Кіраўнікі краінаў выказаліся пасля тэракту


Кіраўнікі розных краінаў свету асудзілі тэракт у Ніцы ды выказалі спачуванні сем’ям загінулых.

«Жудасны тэракт у Ніцы. Шакаваны. Разам з усім украінскім народам выказваю спачуванні семʼям загінулых у Францыі», – напісаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў «Тўітэры».

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама асудзіў напад у Ніцы, яшчэ перад тым, як французскія ўлады назвалі інцыдэнт тэрактам.

«Ад амерыканскага народу я асуджаю тое, што – па ўсёй бачнасці – зʼяўляецца жахлівым тэрарыстычным нападам у Ніцы ў Францыі, у выніку якога загінулі і былі параненыя дзясяткі нявінных грамадзянаў», – гаворыцца ў заяве амерыканскага прэзідэнта.

Оўбама таксама паведаміў, што накіроўвае каманду экспертаў у  Францыю, якая павінна дапамагчы ў расследаванні таго, што адбылося.

Атаку асудзілі міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан і кіраўнік Рады Еўразвязу Дональд Туск.

Расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў, выступаючы на пленарным пасяджэнні форуму «Азія-Еўропа» ў Манголіі таксама закрануў тэму тэракту ў Францыі.

«Тэрарызм, як вядома, не мае межаў і зʼяўляецца агульным выклікам і для Еўропы, і для Азіі. Да цяперашняга моманту, на жаль, 80 загінулых, сярод іх дзеці, вялікая колькасць турыстаў. Паводле медыяў, сярод загінулых ёсць грамадзяне Еўрапейскага Звязу і Расеі. Гэта надзвычай журботнае падзея. Мы абавязаныя разам шукаць агульныя адказы на такія выклікі, праяўляць салідарнасць, арганізоўваць тое, што залежыць ад нас, каб змагацца з тэрарызмам. Тым больш, што тэрарысты ды іхныя спонсары разумеюць толькі сілу, і мы павінны яе выкарыстоўваць», – заявіў кіраўнік кабінету міністраў РФ.

У сацыяльных сетках вялікую папулярнасць цягам апошніх гадзін набыў гэштэг #PrayForNice, што абазначае «молімся за Ніцу». Гэтак людзі выказваюць падтрыманне родным загінулых.

Позна ўвечары 14-га ліпеня ў Ніцы тэрарыст уехаў у шчыльны натоўп, які сабраўся, каб паглядзець салют з нагоды Дня ўзяцця Бастыліі. Тэрарыста застрэлілі, але больш за 80 чалавек загінулі. Сярод ахвяраў ёсць таксама дзеці.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў