«Салідарнасць – наша зброя»: анархісты пікетавалі беларускую амбасаду ў Варшаве


З лозунгамі «Салідарнасць – наша зброя» і «Вызваліце Мікалая Дзядка» 25 мясцовых анархістаў «Анархічнага чорнага крыжу» ды іхных паплечнікаў з сяброўскіх арганізацыяў сабраліся пад сценамі беларускай амбасады ў Варшаве, каб выказаць падтрыманне палітвязням і адзначыць Дзень салідарнасці.

Паводле арганізатараў, акцыя носіць міжнародны характар і накіраваная на падтрыманне ўсіх палітычных вязняў, якіх улада Беларусі ўтрымлівае ў закладніках рэпрэсіўнага рэжыму.

Толькі за апошнія 2 месяцы ў Беларусі былі затрыманыя 20 актывістаў розных палітычных рухаў, з іх 10 анархістаў. Усе яны атрымалі ад 3 да 25 сутак арышту паводле сфабрыкаваных справаў.

Аднак улада Беларусі голасу свабоды не пачула: каб пазбегчы недарэчнасцяў, амбасада ў гэты дзень была зачыненая.

Апроч плакатаў, анархісты прынеслі з сабой выразаны з кардону твар Лукашэнкі. Таксама можна было сфатаграфавацца з кіраўніком дзяржавы ў ролі палітвязня.

Пасля дэманстрацыі на адным з варшаўскіх сквотаў адбылася сустрэча з удзелам беларускіх актывістаў, напісанне лістоў да палітзняволеных і паказ фільму. Акрамя гэтага арганізатары акцыі частавалі ўдзельнікаў гарохавым супам, дранікамі ды гарбатай з малінавым варэннем, улюбёным ласункам кіраўніка Беларусі.

Такія сустрэчы будуць праходзіць кожную апошнюю пятніцу месяца.

9 лютага падобная акцыя адбылася ў Кіеве. Дзень салідарнасці з актывістамі і актывісткамі працягнецца да 1 сакавіка.

Учора Мікалая Дзядка, фігуранта гэтак званай «справы анархістаў», прызналі вінаватым у нібыта зацятых парушэннях турэмнага рэжыму, асноўнае з якіх – нашэнне замест турэмнай робы спартовага строю, і прысудзілі яму дадатковы год турмы. Адметна, што літаральна праз тыдзень Мікалай меўся выйсці на свабоду пасля 4,5 гадоў няволі.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары