Са 130 тысяч подпісаў пададзеных за Цярэшчанку прызналі сапраўднымі толькі 6,7 тысяч


Паводле папярэдніх звестак тэрытарыяльных выбарчых камісій, больш за 100 тысяч сапраўдных подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, здалі чатыры прэтэндэнты на вышэйшую пасаду дзяржавы. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце Цэнтрвыбаркаму.

Паводле звестак ЦВК, найбольшую колькасць сапраўдных подпісаў сабрала ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі – 1 млн. 753 тыс. 380.

Сапраўднымі прызнаныя 149 тыс. 819 подпісаў, сабраных у падтрыманне вылучэння старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана аб’яднання «Беларускае казацтва» Мікалая Улаховіча.

Ініцыятыўная група старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча сабрала дакладных подпісаў 139 тысяч 877.

Пераадольвае 100-тысячны бар’ер і каманда актывісткі кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч. Сапраўднымі прызнаныя 105 тыс. 278 подпісаў, сабраных у падтрыманне яе вылучэння кандыдатам у прэзідэнты.

Большасць подпісаў, сабраных у падтрыманне эканаміста Віктара Цярэшчанкі, прызнаныя несапраўднымі. Яго ініцыятыўная група здала ў тэрытарыяльныя камісіі прыкладна 130 тысяч подпісаў, сапраўднымі прызнаныя толькі 6 тысяч 699 подпісаў.

Чытайце больш >>> Дзмітрыеў: Жадаю Цярэшчанку як мага хутчэй вярнуцца ў добры стан

«Пакуль нічога не магу сказаць наконт гэтага. Усё гэта падобнае на анекдот», – пракаментаваў БелаПАН гэтую інфармацыю Цярэшчанка, які знаходзіцца ў аддзяленні пульманалогіі 3-й гарадской клінічнай лякарні Мінску. Пры гэтым палітык лічыць, што яго атруцілі 28 жніўня.

Чытайце больш >>> За Цярэшчанку «падпісваліся» нават нябожчыкі

Нагадаем, у зборы подпісаў удзельнічалі яшчэ тры ініцыятыўныя групы.

Ініцыятыўная група беспрацоўнай настаўніцы з Берасця Жанны Раманоўскай здала ў тэрытарыяльныя камісіі 780 подпісаў, старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна – 48, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі – нуль.

Плануецца, што рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты адбудзецца на пасяджэнні ЦВК 10 верасня.

Пятыя выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў