Ryanair штодня скасоўвае 50 рэйсаў. У тым ліку з Варшавы, Кракава, Рыгі


Авіякампанія з нізкімі коштамі Ryanair пачала скасоўваць рэйсы па ўсёй Еўропе. На сайце кампаніі паведамляецца, што ў наступныя шэсць тыдняў штодня да 50 рэйсаў не паляцяць па раскладзе. У тым ліку, некаторыя рэйсы з Варшавы, Кракава і Рыгі і ў зваротным напрамку. Рэйсаў з Вільні і ў Вільню ў спісе скасаваных пакуль няма.

Ryanair паведаміла пра адмену каля 160 рэйсаў толькі ў наступныя тры дні, сапсаваўшы такім чынам планы на падарожжы каля 30 000 сваіх пасажыраў. Найбольш бязладдзе ў раскладзе закранула аэрапорт Стандсэт у Лондане. У панядзелак адтуль не вылецелі рэйсы ў Барсэлону, Будапэшт, Осла і Прагу. Скасаванні працягнуцца да канца кастрычніку.

Рэйсаў бліжэйшага да нас напрамку вылету і прылёту – Вільні пакуль няма ў спісах. У той жа час, у наступныя дні скасаванні закрануць паветраныя звязкі Варшавы з Лонданам і Мадрыдам, Кракава з Міланам і Гамбургам, Рыгі з Варшавай.

Пасажырам скасаваных рэйсаў Ryanair прапануе звярнуцца па кампенсацыю, або бескаштоўна памяняць квіток на іншую дату.

Афіцыйнае выбачэнне авіякампаніі выглядае, быццам змяншэнне колькасці рэйсаў у гэты момант неабходна, каб палепшыць пунктуальнасць выканання палётаў, якая значна знізілася апошнім часам праз забастоўкі персаналу кантролю палётаў, дрэннае надворʼе і падаўжэнне гадзінаў адпачынку для пілотаў і экіпажу.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары