Русы: «Мы навучыліся ў зонах да 5 кюры вырошчваць чыстую ад радыяцыі прадукцыю»


Напрыканцы ліпеня Аляксандр Лукашэнка сваім указам скасаваў ахоўную зону вакол Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Намеснік прэмʼер-міністра Міхаіл Русы патлумачыў у інтэрвʼю тэлеканалу СТВ, ці будуць у раёне былой ахоўнай зоны вырошчваць харчовую прадукцыю, якая пойдзе на продаж.

«Я проста хацеў бы сказаць, каб гэта правільна разумелася. У нас ёсць радыяцыйны запаведнік. Для таго, каб засцерагчы, у нас даволі жорсткія, да крымінальнай адказнасці, патрабаванні атрымання чыстай прадукцыі. Не дай бог, радыёактыўнай. Мы навучыліся ў зонах ад 1,5 да 5 кюры вырошчваць чыстую прадукцыю праз ахоўную меру. Таму прадукцыя павінна быць толькі чыстая», – запэўніў Русы.

Менавіта таму, па яго словах, калісьці была ўведзена «яшчэ дадатковая ахоўная буферная зона». Цяпер жа Лукашэнка «па просьбе ўжо неаднаразовай мясцовых органаў улады, у прыватнасці Гомельскага аблвыканкама», змяніў статус «гэтай жорсткай зоны».

«Яна кіраваная. Таму кожнае поле, якое трэба будзе засеяць, правяраецца на наяўнасць радыёнуклідаў. І толькі пасля гэтага прымаецца рашэнне: прадукцыя чыстая або нячыстая. Калі, не дай бог, там ёсць найменшае якое адхіленне і наяўнасць, там ніхто нічога не будзе сеяць і не будзе атрымліваць», – сказаў Русы.

Пра намер уладаў «больш актыўна ўцягнуць у гаспадарчы зварот» землі вакол запаведніка стала вядома яшчэ ў чэрвені, калі там пабываў Аляксандр Лукашэнка.

КА, belsat.eu, паводле TUT.BY

 

Стужка навінаў