Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар «Росатаму» Аляксей Ліхачоў. Прадстаўнік расейскай кампаніі таксама падкрэсліў, што згодна з указаннем Аляксандра Лукашэнкі, атамная электрастанцыя ў Астраўцы будзе самай бяспечнай у свеце.
Лукашэнка на сустрэчы з Ліхачовым адзначыў, што Беларусь надае вельмі сурʼёзную ўвагу будаўніцтву атамнай электрастанцыі.
«Дастаткова сказаць, што я дэталёва пасвечаны ў планы будаўніцтва станцыі і ход гэтага будаўніцтва», – сказаў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне пра будаўніцтва АЭС у Беларусі далося нялёгка – у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
«Фобіі былі вельмі моцныя, але нам удалося пераканаць насельніцтва, што за гэтым будучыня. Гэта па-першае. Па-другое, гэта самыя высокія тэхналогіі. У шэраг з касмічнымі, IT-тэхналогіямі, лічбавай эканомікай – за імі будучыня – я стаўлю і будаўніцтва атамнай станцыі», – паведаміў ён.
Беларуская АЭС будуецца на Астравеччыне, у 50 кіламетрах ад Вільні. Плануецца, што першы энергаблок запусцяць у 2019 годзе, другі – у 2020-ым. Магутнасць кожнага энергаблоку – 1200 МВт.
Нягледзячы на пратэсты і дыпламатычныя ноты ад Літвы будаўніцтва спрэчнага абʼекту працягваецца. Афіцыйныя Вільня і Варшава ўжо дамовіліся не купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. Улады гэтых краін сумняюцца ў бяспечнасці абʼекту. Вядома, што пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ўвесь час даходзіць да інцыдэнтаў, а інфармацыя пра гэта заўсёды дасягае да грамадскасці са скандальным спазненнем.
Гэтак улетку 2016 года будаўнікі пашкодзілі корпус рэактара, а ў снежні ўжо новы корпус зачапіў пры транспартаванні чыгуначны слуп. Таксама на мінулым тыдні зʼявілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што на абʼекце загінулі два зваршчыкі.
Пытаннем № 1 таксама застаецца экалагічная бяспека праекту: у прыватнасці, якія планы ўлады і ядравікі маюць адносна радыеактыўных адкідаў станцыі. Нядаўна стала вядома, што на тэрыторыі нашай краіны створаць палігон магільнікаў і там закапаюць радыеактыўныя адкіды.
ДР belsat.eu