«А што, калі Коля пяройдзе на бок бандытаў?» Пад Бабруйскам аднавілі тэатральную традыцыю ВКЛ

photo

Сцэна спектаклю «Цар Цар». Настасся Дубатоўка ў ролі Зміюлана

Рачны тэатр працягвае традыцыю «плавучай сцэны» Міхала Казіміра Агінскага.

Гастролі Рачнога тэатру па Бярэзіне са спектаклем «Цар цар» паводле народнай драмы «Цар Максімільян» у адаптацыі Аляксея Рэмізава і пастаноўцы сербскага рэжысёра Дркіча Драгана Башкаўца распачаліся ў вёсцы Вуглы пад Бабруйскам.

«Наш плыт стане сцэнаю, а бераг ракі – залай гледачоў», – гаварылася ў запрашэнні на «Фэйсбуку».

Гасцям далі каардынаты і паабяцалі свежае паветра, купанне пад зоркамі і сустрэчу світанку на беразе ракі.

«Страшна баюся вады»

Ідэя плавучага тэатра нарадзілася ў актора Свабоднага тэатру Андрэя Уразава, хобі якога – водны турызм. Башкавец – псеўданім рэжысёра Юрыя Дзівакова, вядомага па спектаклю «Войцек» на сцэне Купалаўскага.

«Ідэя нарадзілася падчас сплаву год таму», – кажа выканаўца ролі Цара Васіль Сенькін.- Тады Андрэй прапанаваў: «А ці не паставіць нам спектакль?»

«Год таму мы плылі на плыце, але ніякай думкі пра тэатр яшчэ не было. Упершыню, здаецца, я сказаў пра гэта сябрам напрыканцы зімы, – кажа Уразаў. – А плыт, дарэчы, той жа – мы яго знялі з ракі і завезлі Васілю дахаты. Не думалі, што захаваецца, а ён прастаяў год».

«Каб прыдумаць імя неіснуючага рэжысёра, мы звярнуліся да неіснуючых краінаў – Чэхаславаччыны і Югаславіі. Пашукалі ў інтэрнэце тыповыя імёны – і вось», – кажа Уразаў.

Паводле Андрэя, яны хацелі «пагаварыць з народам простаю моваю – праз байкі, балады, быліны ці народныя песні».

Сняданак. Пасля спектаклю гледачы засталіся начаваць на беразе ракі

«Вася тады захапляўся творчасцю Рэмізава і чытаў ягоную кнігу «Пасалонь», у якой напаўакторы-абраднікі ўзаемадзейнічаюць з гледачамі. Я прапанаваў зрэжысаваць гэта Юру Дзівакову. Сказаў: «Людзі, плыт, рака», і яму адразу спадабалася. Праз пяць дзён пасля размовы Юра даслаў мне «Цара Максіміліяна» – народную п’есу ў апрацоўцы Рэмізава.

Плыт ідзе па Беразіне пад кубінскім сцягам. Андрей Уразаў (у цэнтры з правага боку): «Гэта спектакль не пра Беларусь, а пра ўладу»

Паводле Дзівакова, для яго гэта быў не толькі творчы, але і асабісты выклік – да гэтага на плыце ён ніколі не плаваў: «Cтрашна баюся вады».

Рэжысёр Юрый Дзівакоў пасля прэм’еры «Цара Цара»

«Без Дзівакова я б разарваўся – быць і ўнутры, і звонку спектакля. Няма ані адпаведнае адукацыі, ані досведу: я ж інжынер-металург, – распавядае Уразаў. – П’есу мы адаптавалі, некаторых персанажаў сумясцілі або проста выкінулі, дадалі беларускамоўнасць. Сюжэт – канфлікт цара і сына, які адмаўляецца ад веры. Шпацыруючы з Юрам у парку, мы зразумелі, што адштурхоўваемся ад крутой фантазіі: а што, калі Коля, сын нашага прэзідэнта, у нейкі момант скажа бацьку: «Ты робіш х…ню»? Калі ён раптам далучыцца да дзесяці мільёнаў «бандытаў»? Мы трансфармавалі гэта ў моўны канфлікт і на гэта нарасцілі ўсё астатняе. У канцы я хацеў яшчэ зняць майткі – кубінскі сцяг – каб плыт сышоў пад ім: праца павінная была атрымацца інтэрнацыянальнай – гаворка ідзе не пра Беларусь, а пра тое, што ўлада здольная сама сябе зжэрці. Як на афішы», – кажа Уразаў.

«Фінансава нам дапамог Свабодны тэатр, – тлумачыць Уразаў. – Са сваёй кішэні было б вельмі цяжка аплочваць транспарт і ежу».

«Ляпіце афішу дзе хочаце – на Доме культуры нельга!»

«Калісьці Бярэзіна была суднаходнай, цяпер засталася толькі паромная пераправа ў Парычах – даволі рэдкая, на самай справе, для Беларусі з’ява, – кажа Уразаў. – Я меркаваў, што гледачы будуць плыць на пароме, а мы – граць на плыце. Трэба толькі было дамовіцца з рачным суднаходствам. Але потым мы знайшлі ў Парычах выдатны пляж побач з Домам культуры: калоны, скульптуры – выглядае масіўна. Калі мы прыехалі з афішамі, з ДК выйшла жанчына і пачала распытваць, хто мы і што мы. Кажам, што мы народны Рачны тэатр, энтузіясты-авантурысты, вось самаарганізаваліся пры падтрымцы Свабоднага тэатру. Яна: «Ой, а што гэта? Гэта як Маладзёжны?». Я ж не буду казаць, што гэта гараж і андэрграўнд – адразу ніякай афішы б не было. «Так, як Маладзёжны, – кажу. – На Казлова». Яна: «Ну добра, толькі трэба ўдакладніць у зама па масавых мерапрыемствах». Намеснік сказаў, што трэба ўдакладніць у дырэктара. Дырэктар не ведаў, што адказаць. Жанчына чакала ўзгадненняў, а потым ёй патэлефанавалі і сказалі: «Нельга». «Ляпіце дзе хочаце – на Доме культуры нельга!», – кажа яна нам.

Вася Сенькін і Андрэй Уразаў з абвесткай першага спектаклю

«Андрэй прапанаваў аднавіць той тэатр, які даўно памёр: вулічнае скамарошаства, якое мае свайго гледача, якое дае магчымасць акторам зарабіць. Гэта ўжо музейны экспанат, – кажа Юрась Дзівакоў. – Больш за тое, у Беларусі такога тэатру практычна ніколі і не было».

Падчас паказу мясцовыя жыхары з гледачоў уключаюцца ў дзею і каментуюць кожную сцэну. Калі сын Цара паказвае зад, вясковыя мужыкі крычаць: «Не пужай дзяцей!»

Настасся Дубатоўка ў ролі Гусара. У «Цары Цары» акторы Рачнога ўзаемадзейнічаюць з гледачамі

«Наш фармат адсылае менавіта да такога тэатру, калі акторы выступаюць у паўсядзённым адзенні, выварочваючы яго, і тая становіцца строем. У Андрэя была ідэя: тое, што выкарыстоўваецца на плыце для сплаву – выкарыстоўваецца ў спектаклі. Мы выкарыстоўваем асабістыя рэчы актораў, якія пасля выступаў ужываюцца ў жыцці. Калі камусьці холадна – можа апрануць царскае футра», – кажа Дзівакоў.

Калі скарамошаства было натуральнай з’явай хутчэй у Маскве, у Беларуси «зялёны тэатр» існаваў як мінімум з 18-га стагоддзя, калі Францішка Уршуля Радзівіл, першая ў ВКЛ жанчына-драматург, пачала ставіць спектаклі ў парку на ўскрайку Нясвіжа, а таксама на вале пад замкавымі сценамі.

«У Радзівіл былі іншыя фінансавыя і арганізацыйныя здольнасці, – кажа Дзівакоў. – У нас інакш: ты «трапляеш» у прыроду або не, яна цябе «з’ядае» або ты яе крыху падпарадкоўваеш».

Класічны рачны тэатр паўстае ў Беларусі ў 70-х гадах 18-га стагоддзя дзякуючы Міхалу Казіміру Агінскаму. Пасля вяртання з эміграцыі былы гетман ВКЛ шчыльна зоймецца музыкай, адкрые оперу ў Слоніме і плывучую сцэну на рацэ Шчара.

Уразаў дадае, што «зялёным» быў калісьці і Свабодны тэатр – спектаклі гралі проста ў лесе.

«Напрыклад, для «Пінтэра» («Быць Гэралдам Пінтэрам». – Заўв. «Белсат») рэквізіт быў не патрэбны: паставілі чатыры крэслы – і паняслася».

Гледачы глядзяць услед плыту пасля завяршэння спектаклю. З левага боку – намёт-грымёрка

Па словах трупы, падрыхтоўка «Цара цара» доўжылася менш за тыдзень, з якіх на рэпетыцыі было ўсяго тры паўнавартасных дня. Найбольш складаным было падладзіцца пад надворʼе.

«Плануем рэпетыцыю на адзінаццатую – пачынаецца дождж. І не можаш нічога зрабіць», – кажа Дзівакоў.

«У звычайным тэатры ты прызвычайваешся да лайтавых умоваў, калі ў цябе ёсць грымёрка, люстэрка. У такой сітуацыі ўпрыгожванне сябе займае мноства часу, – кажа рэжысёр. – У нашым выпадку для гэтага няма ані часу, ані магчымасці. Таму актор разважае, што ён можа зрабіць у такіх умовах для канкрэтнае сцэны, для ўсяго спектаклю і сябе асабіста – напрыклад, як ён будзе падаць у ваду».

Гісторыя «Цара Цара» – бунт сына супраць бацькі

«Наагул, думаю, усё бы выйшла, нават калі быў бы пагадзіўся толькі Вася Сенькін, які грае галоўнага героя, – кажа Уразаў. – Але ў нас сабралася каманда, і стала зразумела, што мы гэта зробім, што працаваць будзе цікава».

«Мы нічога нікому не вінныя»

Сенькін робіць спектакль культавым: спачатку бліскуча дае рады галоўнае ролі, потым – спыняе гастролі. У сярэдзіне спектаклю, кідаючы сына ў ваду з мокрага плыта, Цар няўдала паслізнуўся і вывіхнуў руку.

«Вася заходзіць у палатку пераапрануцца і кажа: «Я, здаецца, зламаў руку. Не магу рухацца», – прыгадвае Дзівакоў. – Я кажу: «Трэба скончыць, засталося крыху». І ён: «Я скончу».

Сенькін гуляў так, што пра траўму гледачы даведаліся толькі пасля спектаклю.

Калі сцэна пачала адплываць, гледачы замест апладысментаў кінуліся ад радасці абдымаць адзін аднаго, пакуль адна з дзеўчын не нагадала, што трэба сагрэць змоклых актораў.

Праз некалькі дзясяткаў метраў плыт прычаліў да берага, але ніхто не мог абняць і павіншаваць скручанага ад болю Сенькіна. Актора трэба было пільна везці ў больніцу. Каб удакладніць – у якую менавіта, сябры Сенькіна набралі 103, але замест бліжэйшага Бабруйску патрапілі ў Светлагорск.

«У бабруйскую хуткую тэлефануйце з хатняга», – параіла аператар.

Убачыўшы здымак, хірург хуткай не адважыўся ўправіць руку, загаварыўшы пра агульны наркоз, ды адправіў Сенькіна ў цэнтральную больніцу.

Сяброўка Васі Сенькіна змывае з актора грым у аддзяленні траўматалогіі Бабруйскай цэнтральнай больніцы

«Мяне трымалі ўтрох, – кажа Вася, выходзячы з перавязачнай. – Я думаў, рука пстрыкне і стане на месца, а яе доўга-доўга ўкручвалі».

4 жніўня Рачны анансаваў спектакль у Чыркавічах, на беразе побач з санаторыем «Срэбныя ключы». Трупа разлічвала, што ягоныя пастаяльцы стануць першымі гледачамі.

Настасся Дубатоўка робіць перавязку Васю Сенькіну

«Трэба з’ездзіць зняць афішы, – кажа актор. – Нават калі Вася вырашыць з намі плыць, не граючы, а проста чытаючы свае словы – гэта ўжо будзе крута. Я атрымліваў сур’ёзныя траўмы падчас спектакляў, і ведаю, што гэта такое. У любым выпадку – мы нічога нікому не вінныя».

Акторы плывуць па рацэ пасля заканчэння спектаклю

Падчас сплаву да наступнае вёскі трупа вырашыла, што здароўе актора – найважнейшае, і адправіла Васю Сенькіна ў Менск.

Тэкст і фатаграфіі – Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары