«Рэпарцёры без межаў» асудзілі кампанію па пераследу незалежных журналістаў у Беларусі


Мэта гэтай кампаніі – «узмацніць ціск на незалежных журналістаў у Беларусі», гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Паводле кіраўніка аддзелу па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі «Рэпарцёраў без межаў» Ёхана Біра, Еўразвяз «павінен нагадваць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што павага да свабоды СМІ зʼяўляецца важнай умовай для збліжэння паміж Менскам і Бруселем».

У заяве апісаныя выпадкі, калі ўлады штрафуюць журналістаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі беларускага МЗС. Ад пачатку году зафіксавана 26 такіх выпадкаў, агульная сума штрафаў склала 19,8 тысячы рублёў.

Асабліва падкрэсліваецца факт ціску на «Белсат». Паводле «Рэпарцёраў без межаў», менавіта журналістаў нашага тэлеканалу ўлады пераследуюць часцей за ўсё.

Аляксандар Лукашэнка на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску 5 ліпеня заявіў, што ўшчамленне свабоды СМІ, якое нібыта мае месца ў Беларусі – гэта «клішэ з арсенала мінулага».

«Рэальнасць моцна адрозніваецца. На фоне буйных антыўрадавых акцый пратэсту пераслед незалежных журналістаў і СМІ ў апошнія месяцы ўзмацніўся, у сакавіку былі арыштаваныя больш за 100 журналістаў і блогераў», – адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.

«Рэпарцёры без межаў» заклікалі ўрад спыніць судовы пераслед журналістаў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары