Рэальныя заробкі будуць змяншацца


Сёлета даходы насельніцтва ў Беларусі ў намінальным выражэнні вырастуць нязначна, а ў рэальным – знізяцца, прагназуюць прадстаўнікі бізнесу.

«Дзяржава, хутчэй за ўсё, будзе арыентавацца на мінімальнае павышэнне даходаў насельніцтва, гэта будзе трэнд 2015 года», – зазначыў старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец, каментуючы дынаміку даходаў насельніцтва ў першыя месяцы гэтага года.

Падобны да гэтага пункт гледжання выказваюць і аналітыкі беларускіх кампаній. На іх думку, дзяржава сёлета не будзе істотна павышаць намінальную зарплату, паколькі яе значны рост непазбежна прывядзе да павелічэння попыту на замежную валюту і павышэння націску на курс беларускага рубля. «Таму рост заробкаў у намінальным выражэнні сёлета будзе мінімальным, а ў рэальным выражэнні адбудзецца істотнае зніжэнне даходаў насельніцтва», – выказаў меркаванне фінансавы аналітык буйной кампаніі.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у лютым 2015 года сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 6 млн. 129,1 тыс. рублёў і ў параўнанні з сярэдзінай 2014-га ў намінальным выражэнні практычна не змянілася. У доларавым выражэнні сярэдняя зарплата ў лютым склала 406 долараў. У параўнанні са студзенем яна знізілася на 13 долараў, а ў параўнанні з лютым 2014-га – амаль на 150 долараў.

У канцы 2014 — пачатку 2015 года ў Беларусі адбылася дэвальвацыя беларускага рубля, у выніку чаго курс долара вырас прыкладна на 40%. Каб не дапусціць рэзкага зніжэння пакупніцкай здольнасці насельніцтва, урад у снежні «замарозіў» цэны на спажывецкім рынку.

Снежаньская пастанова аб дзяржрэгуляванні цэн працягвае дзейнічаць. Інфляцыя, якая разлічваецца афіцыйна, у студзені—лютым 2015 года склала 4,1%.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў