Раварыста, які збіў бейсбольнай бітай падлетка, будуць судзіць


30-гадовага менчука абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве. Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы.

Паводле следства, увечары 19 чэрвеня пацярпелы падлетак шпацыраваў па краі роварнай сцежкі ўздоўж вуліцы Прытыцкага. Насустрач яму на ровары ехаў абвінавачаны. У выніку сутыкнення з падлеткам ён упаў на асфальт. Затым ён падняўся, дастаў з заплечніка бейсбольную біту, падышоў да пацярпелага ды ўдарыў яго адзін раз па галаве. Пасля нападнік, не аказаўшы дапамогу пацярпеламу, сеў на ровар і з’ехаў.

На допыце мужчына распавёў, што біту яму падаравалі. У той вечар ён вырашыў забраць яе з працы і адвезці дадому. Пасля канфлікту на роварнай дарожцы ён яе распілаваў і выкінуў.

Судова-медыцынская экспертыза выявіла, што ў выніку ўдару бітай падлетак атрымаў менш цяжкія цялесныя пашкоджанні. Матэрыялы крымінальнай справы перадалі пракурору. Пазней дакументы накіруюць у суд. Абвінавачаны застаецца пад вартай.

ДР belsat.eu паводле sk.gov.by

Стужка навінаў