Расея знізіла цану на газ для Беларусі на 10%


Беларускія дэпутаты ратыфікавалі пратакол аб зменах у міжурадавае пагадненне з Расеяй аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі краіны, перадае БелТА.

У пратаколе ўрэгуляваныя пытанні, звязаныя з пастаўкамі газу з Расеі ў Беларусь у 2017-2019 гадах, і вызначаны план узаемадзеяння ў газавай сферы ў 2020-2024 гадах (на пераходны перыяд да стварэння агульнага рынку газу ў ЕАЭС ).

Дакумент прадугледжвае неабходнасць выпрацаваць да 1 студзеня 2018 года прапановы па праграме фарміравання агульнага рынку газу ЕАЭС і забяспечыць да 1 ліпеня 2019 года вызначэнне цаны на газ для Беларусі з улікам фарміравання да 1 студзеня 2025 года агульнага рынку газу ЕАЭС.

Паводле інфармацыі Міністэрства энергетыкі, цана на газ для Беларусі з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года складае $ 143,54 за 1 тыс. куб.м. У 2018 годзе яна будзе складаць $ 129 за 1 тыс. куб.м; у 2019 годзе – $ 127 за 1 тыс. куб.м.

Паводле слоў першага намесніка міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, разліковы эканамічны эфект для Беларусі ад зніжэння цаны на газ, які пастаўляецца «Газпрамам» у 2018-2019 гадах складзе каля $ 700 млн.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары