Расея зможа дэпартаваць замежнікаў з каронавірусам


Інспектар Расспажыўнагляду ўжывае цеплавізійныя прыборы для дыстанцыйнага вымярэння тэмпературы пасажыраў, якія прыбываюць з Кітаю ў новасібірскі аэрапорт. Фота – Кірыл Кухмар / ТАСС / Forum

Прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін паведаміў, што згодна з нядаўна падпісаным планам па папярэджанні завозу і распаўсюду каронавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Расеі, інфекцыю дадалі ў спіс асабліва небяспечных захворванняў, падае «ТАСС».

«Гэта дасць магчымасць ажыццяўляць дэпартацыю замежных грамадзянаў, калі ў іх будзе выяўлена такая хвароба, і ўводзіць спецыяльныя абмежавальныя меры. У тым ліку гэта ізаляцыя і каранцін», – патлумачыў Мішусцін.

Паводле кіраўніка расейскага ўраду, сітуацыя з распаўсюдам каронавірусу на тэрыторыі Расеі знаходзіцца пад кантролем, а органы ўлады каардынуюць дзеянні ў барацьбе з інфекцыяй.

Расея абмежавала перамяшчэнне грамадзянаў Кітаю праз расейскую мяжу і прыпыніў рух на мяжы з Манголіяй. Хворых з каронавірусам ізалявалі, ім аказваюць медычную дапамогу. Расея ўвяла таксама часовую забарону на выдачу групавых турыстычных і рабочых візаў грамадзянам Кітаю.

Кітайскі турыст у масцы ў аэрапорце Ўладзівастоку. Фота Yuri Smityuk /TASS / Forum

30 студзеня Сусветная арганізацыя здароўя прызнала сітуацыю з распаўсюджваннем каронавірусу надзвычайнай.

Ад каронавірусу ў Кітаю ўжо памерла 361 асоба. З іх 57 – за мінулыя содні.

САЗ падала таксама пра пергую смяротную ахвяру па-за межамі Кітаю: 1 лютага памёр адзін з дваіх носьбітаў каронавірусу, зарэгістраваных на Філіпінах.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў