Расея забараніла палёты ў Егіпет


Самалёты з Расеі не будуць лятаць у Егіпет, пакуль не будуць высветленыя акалічнасці катастрофы Airbus 321.

Такое абмежаванне прапанаваў увесці кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў, а прэзідэнт Уладзімір Пуцін яго адобрыў і загадаў адразу ж спыніць усе запланаваныя палёты ў Егіпет.

На гэткія меры Расея пайшла з-за катастрофы расейскага самалёту над Сінаем, якая адбылася 31 кастрычніка. Брытанскія спецслужбы, спасылаючыся на свае дадзеныя, заявілі, што прычынай крушэння мог стаць тэракт – выбух закладзенай на борце бомбы.

Паводле некаторых ацэнах, у Егіпце зараз ад 45 да 70 тыс. расейцаў, піша Meduza.io. Расейскія ўлады будуць іх вывозіць сваймі сіламі, для гэтага створаны адмысловы штаб. У расейскім урадзе абяцаюць, што даты «будуць максімальна набліжаныя да тых, на якія набываліся квіткі». Паведамляецца, што на вываз турыстаў спатрэбіцца не менш за месяц.

На фотаздымку: пасажыр праходзіць міма інфармацыйнага стэнду ў маскоўскім аэрапорце Дамадзедава. Калі тут адновяцца рэйсы ў папулярны сярод турыстаў Егіпет, невядома.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў