Расея ўзбройвае НАТО, каб яго пасварыць

Wideo

На гэтым тыдні Уладзімір Пуцін адправіўся ў першы замежны візіт у якасці новага старога прэзідэнта. У Анкары кіраўнік Расеі падпісаў шматмільярдныя дамовы – у тым ліку на продаж Турцыі расейскай зброі. Расея канчаткова замацавалася на Блізкім Усходзе, а цяпер мае шанец раз’яднаць чальцоў Альянсу.

Турцыя – і з ЗША, і з Расеяй

Яшчэ нядаўна расейскім турфірмам забаранялі прадаваць пуцёўкі ў Турцыю, цяпер Рэджэп Эрдаган – адзін з найлепшых сяброў Уладзіміра Пуціна: у свой першы замежны візіт пасля пераабрання ён ляціць у Анкару. Абодва лідары прыпячаталі сяброўства званком па відэасувязі на поўдзень Турцыі, даўшы каманду пачатку будове атамнай электрастанцыі «Аккую». Кошт інвестыцыі – 20 мільярдаў долараў. Будуе «Росатом».

Рэджэп Эрдаган ужо абвесціў, што «Аккую» задаволіць 10 % турэцкіх патрэбаў у электраэнергіі.

У Анкары падпісалі яшчэ адну дамову: аб прыспяшэнні паставак Турцыі чатырох экзэмпляраў самай сучаснай расейскай зброі –

«У ваенна-тэхнічнай сферы прыярытэтам з’яўляецца рэалізацыя кантракту на пастаўкі ў Турцыю зенітна-ракетных сістэм С-400 «Трыумф», – заявіў Пуцін у Анкары.

С-400 вядзе барацьбу з самалётамі і ракетамі, удзень і ўначы, пры любым надвор’і і любых радыёперашкодах.

Далёкасць паражэння – чатырыста кіламетраў – у некалькі разоў большая, чымся ў амерыканскай сістэмы «Patriot», якую НАТО размясціла ў Турцыі на пачатку сірыйскай вайны.

У базавую мадыфікацыю ўваходзіць пункт кіравання, радыёлакацыйны комплекс, непасрэдна ЗРК і сродкі тэхнічнага забеспячэння.

Турцыя – першая краіна НАТО, якая набывае зброю патэнцыйнага суперніка Альянсу.

«Туркі адчуваюць, што яны вымушаныя супрацоўнічаць з Расеяй у сувязі з тым, што яны не могуць супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі на тэрыторыі Сірыі. Шчыра кажучы, рэалізацыя турэцкіх інтарэсаў у Сірыі залежыць ад Расеі – прынамсі, у зоне яе ўплыву, – кажа «Белсату» Караль Васілеўскі з Польскага інстытуту міжнародных справаў.

У Сірыі адбыўся канфлікт паміж ЗША і Турцыяй: Вашынгтон падтрымлівае курдаў, а Турцыя з курдамі змагаецца. Аднак, на канфрантацыю з хаўруснікам па Альянсу Анкара не гатовая. Туркі вядуць гульню на два фронта: амерыканцам сігналізуюць, што могуць зблізіцца з Расеяй, расейцам – што ўсцяж маюць альтэрнатыву ў выглядзе ЗША.

Чорнае мора – унутранае расейскае возера

Курдаў у сірыйскай вайне падтрымлівала і Расея. Але нядаўна перастала. Масква адклікала адтуль сваіх дарадцаў і дазволіла турэцкай авіяцыі свабодна дзейнічаць над курдскімі тэрыторыямі. Дзякуючы гэтаму два тыдні таму туркі захапілі памежны раён Афрын, яшчэ мацней сутыкнуўшыся з ЗША.

«Сірыйскі канфлікт, паводле ацэнак Цэнтру даследавання войска, канверсіі і раззбраення, зʼяўляецца плацдармам вырашэння Расеяй сваіх газавых праблемаў – у тым ліку праз Турцыю», – кажа кіеўскі эксперт Міхаіл Самусь.

Менавіта праз Турцыю, у абыход Украіны, пройдзе новы расейскі газаправод «Турэцкая плынь». Ягоную рэалізацыю ў аўторак пацвердзіў Рэджэп Эрдаган. Адна галіна даставіць газ спажыўцам з Турцыі, другая – у краіны Паўднёва-Усходняй Еўропы. Труба пройдзе па дне Чорнага мора.

Два гады таму сам Эрдаган папярэджваў хаўруснікаў па НАТО, што неўзабаве мора можа стаць унутраным расейскім возерам. Праз чатыры гады пасля анексіі Крыму гэта, па сутнасці, факт: Чорнае мора цалкам пад кантролем Расейскай Федэрацыі.

«Чарнаморскі флот [Расеі] цалкам кантралюе сітуацыю – ані эканамічнымі сродкамі, ані палітычнымі, а вайсковымі», – кажа Міхаіл Самусь.

І тое, што Расея, нягледзячы на сімпатыі да курдаў, перастала іх падтрымліваць, і продаж Турцыі сістэмаў С-400 – падзяка за газавыя магчымасці, якія Анкара прадастаўляе расейцам. Прычым падзяка, за якую туркі яшчэ і заплацяць: Анкара бярэ ў Масквы крэдыт на 2,5 мільярды долараў.

Апроч Расеі ды яе базаў у Сірыі, сістэма ёсць у Кітаю, неўзабаве з’явіцца ў Індыі, дамову аб набыцці падпісала Саудаўская Аравія, да куплі рыхтуюцца Саудаўская Аравія і Ірак. Агулам за комплексам у свеце – чарга. Пасля таго, як стала вядома пра здзелку, зенітным комплексам зацікавіліся многія суседзі Турцыі.

«На першы погляд, гэта перамога Расеі: яна прарываецца на новы рынак і прадае сваю сістэму краіне НАТО. З іншага боку, краіна НАТО атрымоўвае доступ да самых новых расейскіх тэхналогіяў: Альянс атрымае ўсе тэхналогіі, ад элементнай базы да алгарытмаў самай сучаснай сістэмы супрацьракетнай абароны Расейскай Федэрацыі», – кажа Міхаіл Самусь.

НАТО не зможа ўжыць С-400 супраць Расеі

Анкара разлічвае, што супраца з Расеяй у доўгатэрміновай перспектыве ўзмоцніць не толькі войска, але і ажывіць гаспадарку.

«Вайсковыя дамовы будуць спрыяць развіццю іх уласнага ваенна-прамысловага сектару і, наагул, турэцкай эканомікі, якая дзякуючы развіццю абароннага сектару будзе не толькі выпускаць зброю для сябе – што ўжо карысна для іхнай гаспадаркі – але і экспартаваць яе за мяжу», – упэўнены Караль Васілеўскі.

Аналітыкі сумняюцца, што экспартны варыянт комплексу, які атрымае Турцыя, будзе, аднак, у поўнай версіі. Эксперт Аляксандр Алесін цвердзіць, што ў любым выпадку ўскрыць начынку С-400 не атрымаецца: яго блокі залітыя адмысловай смалой, а пры продажы сваёй зброі Расея ўжыўляе ува ўсю электроніку гэтых сістэмаў мікрасхемы-«закладкі», якія пад уздзеяннем сігналу звонку паралізуюць дзеянне ўсёй сістэмы.

«Калі комплекс будзе выкарыстоўвацца супраць Расеі, яна падасць сігнал – і комплекс перастане працаваць», – кажа Аляксандр Алесін.

На гэтым тыдні прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што ягоная краіна «вельмі хутка выйдзе з Сірыі».

«Мы знішчылі «Ісламскую дзяржаву» і хутка мы пакінем Сірыю. Няхай іншыя клапоцяцца пра іх», – сказаў Доналд Трамп.

Выйдуць, бо хутка не змогуць патлумачыць, што яны там увогуле робяць, калі «Ісламская дзяржава» пераможаная. У барацьбе за сыравіну і ўплывы ў рэгіёне будзе на аднаго гульца меней. І гэта было б вялікай удачай для Крамля.

Праўда, Трамп пасля дадаў, што зацікаўленыя ў тым, каб ЗША засталіся ў Сірыі, могуць заплаціць за гэта. Купца пакуль няма, але ў прысутнасці амерыканцаў у Сірыі былі б зацікалеўныя краіны, якія б не хацелі пашырэння там уплываў Расеі, Турцыі і, перадусім, Ірану. Напрыклад, Саўдаўская Аравія.

Дзяніс Дзюба

Праграма цалкам:

Глядзі таксама
Каментары