Расея будзе судзіцца за тэхніку, якую канфіскавала беларуская мытня


Беларускія мытнікі затрымалі тэхніку «па падазрэнні ў кантрабандзе», расейскі бок падаў скаргу ў суд.

Інцыдэнт здарыўся яшчэ ў снежні 2014 года. Тады беларуская мытня затрымала 38 грузавых аўтаў з тэхнікай, якая перавозілася з Калінінградскай вобласці ў іншыя рэгіёны Расеі.

«Мы, вядома, абмяркоўвалі праблему тэлевізараў і тавараў, якія, па незразумелых нам прычынах, былі канфіскаваныя. Цяпер мы звярнуліся ў суд, і ў судовым парадку будзем вырашаць гэтую праблему», – заявіў губернатар Калінінградскай вобласці Мікалай Цуканаў, каментуючы вынікі нядаўняга Форуму рэгіёнаў Беларусі ды Расеі.

Падставай для канфіскацыі, паводле беларускай мытні, стала недэклараванне (недакладнае дэклараванне) тавараў. У Калінінградскай гандлёва-прамысловай палаце (КТПП) паведамілі, што ўся электроніка, затрыманая беларускімі мытнікамі па падазрэнні ў кантрабандзе, была вырабленая легальна ў вобласці і перавозілася на законных падставах.

Паводле ацэнкі калінінградскіх уладаў, агульны абʼём стратаў рэгіянальных кампаніяў склаў каля 500 млн расейскіх рублёў (каля $ 7,73 млн).

НМ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў