Расейцаў на БелАЭС праверыць КДБ


Усіх супрацоўнікаў «Росатаму», якія маюць дачыненне да будоўлі АЭС у Астраўцы праверыць Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Адпаведныя меры замацаваныя ў прэзідэнцкім указе нумар 515, які кіраўнік краіны падпісаў 31 снежня.

У прыватнасці замежных супрацоўнікаў АЭС будуць правяраць на наўнасць звестак аб магчымым нанясенні шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі. Нязгода замежнікаў на праверкі па лініі КДБ зʼяўляецца падставаю для адмовы ў працы на АЭС.

Імаверна падставаю для ўказу сталі шматлікія выцечкі інфармацыі пра пазаштатныя сітуацыі і аварыі ў часе будоўлі станцыі. Найбольш рэзанансны выпадак здарыўся ўлетку, калі стала вядома, што корпус рэактару зваліўся на зямлю з вышыні некалькіх метраў.

Новы корпус рэактару таксама мог атрымаць пашкоджанні пры перасоўванні, пра гэта ў снежні распавядаў у тым ліку і Белсат. На фоне гэтых інцыдэнтаў афіцыйны Менск заклікае Вільню не сумнявацца ў бяспецы Астравецкай АЭС. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль падчас сустрэчы са спікерам сейма Літвы. На наступным тыдні чакаецца візіт місіі МАГАТЭ ў нашую краіну. Міжнародныя эксперты дадуць ацэнку бяспецы на будаўнічай пляцоўцы ў Астраўцы.

АН, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары