Расейскую журналістку аблілі фекаліямі. Яна падазрае спонсара «фабрыкі троляў»


Журналістка расейскай «Новой газеты» Юлія Латыніна распавяла, што яе аблілі фекаліямі.

Пра гэта паведамляе радыёстанцыя «Эхо Москвы», дзе яна вядзе праграму «Код доступу».

Напад адбыўся недалёка ад рэдакцыі «Эха», якая размешчана на Новым Арбаце ў Маскве. Паводле Латынінай, нападнікаў было двое: адзін у матацыклетным шлеме непасрэдна напаў на жанчыну, а другі чакаў супольніка на матацыкле воддаль.

Юлія Латыніна мяркуе, што напад звязаны з публікацыямі «Новай газеты» пра расейскага мільярдэра Яўгена Прыгожына, блізкага да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Латыніна ўдакладніла, што яе высочвалі цягам некалькіх тыдняў і дакладна ведалі, дзе яна паркуе машыну. Паводле ейных словаў, гэта ўжо 14-ты ці 15-ты напад на яе.

«Новая газета» не раз пісала пра Яўгена Прыгожына, сцвярджаючы, што ён фінансуе «фабрыку троляў» – супрацоўнікаў, якія за грошы прасоўваюць у інтэрнэце дзяржаўны пункт погляду на падзеі ў свеце. Акрамя таго, мільярдэра называлі звязаным з нападамі на апазіцыянераў у Санкт-Пецярбургу.

Сама Латыніна апошні раз згадвала Яўгена Прыгожына ў сваёй праграме 2-га ліпеня. У «Новай газеце» журналістка пра яго прынамсі з пачатку года не пісала.

Юлія Латыніна рэгулярна публікуецца ў «Новой газете». Ейная праграма «Код доступу» выходзіць на радыё «Эхо Москвы» кожны тыдзень. Латыніна рэзка крытыкуе дзейныя расейскія ўлады. У інтэрнэце яна вядомая як аўтар мему пра стрэлку асцылографа: у сваёй кнізе яна напісала «Яна кідалася, як стрэлка асцылографа», хоць стрэлкі ў асцылографа няма.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў