Расейскія кандытары скардзяцца Мядзведзеву – бракуе сухога малака з Беларусі


Гульцы расейскага кандытарскага рынку просяць свайго прэм’ера дазволіць пастаўкі сыравіны з Беларусі.

Забарона на імпарт сухога малака з Беларусі непакоіць расейскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў. Прадпрыемствы кажуць пра востры недахоп сыравіны, сцвярджаючы што ўласна сухога малака патрэбнай якасці ў Расеі недастаткова і яно на 15-20 % даражэй за беларускае.

Пра гэта паведамляе выданне «Коммерсант».

Не дабіўшыся выніку са зваротамі да віцэ-прэм’ераў і міністраў, удзельнікі рынку звярнуліся да Дзмітрыя Мядзведзева, пагражаючы ростам цэнаў на прадукцыю. У сваю чаргу чыноўнікі запэўніваюць, што «працуюць» над праблемай.

Са зваротам да прэм’ер-міністра звярнулася Асацыяцыя прадпрыемстваў кандытарскай прамысловасці «Асконд», у якую ўваходзяць «Mars», «Nestle», «Аб’яднаныя кандытары» і інш.

Сваё малако не пасуе

Выканаўчы дырэктар «Асконда» Вячаслаў Лашманкін піша, што ўжо ёсць востры недахоп якасных сухіх малочных прадуктаў, які не могуць пакрыць расейскія пастаўшчыкі, – перш за ўсё праз недахопыпаводле бяспекі прадукцыі.

Паводле яго, у кандытарскай вытворчасці малочная сыравіна не падвяргаецца ўздзеянню высокіх тэмператураў, таму патрабаванні да ягонай якасці высокія. У Расеі з-за дэфіцыту сырога малака на сушку часцяком адпраўляецца прадукт з адхіленнямі па якасці, і такая сыравіна не можа выкарыстоўвацца ў кандытарскай галіне, тлумачыць Лашманкін.

Паводле ацэнак «Асконда», мясцовая сухая малочная сыравіна забяспечвае прыкладна 50 % патрэбаў расейскіх кандытараў, астатняе пакрываецца за кошт імпарту, пры гэтым большасць пастаўшчыкоў з дальняга замежжа замянілі беларускімі. Кандытары просяць Дзмітрыя Мядзведзева даручыць профільным міністэрствам прыняць рашэнні для забеспячэння вытворцаў якаснай малочнай сыравінай па даступных цэнах.

Шанец для беларускіх кандытараў

Кандытарскія прадпрыемствы працуюць над пераходам на мясцовую сыравіну, але зрабіць гэта хутка немагчыма. Паводле крыніцы ў буйной харчовай кампаніі, атэстацыя новых пастаўшчыкоў сыравіны займае не менш за 8 месяцаў.

Існуе рызыка пераходу на імпарт сыравіны з дальняга замежжа. Гэта пацягне павелічэнне выдаткаў на лагістыку, мяркуе крыніца, што паўплывае і на канчатковыя цэны. У выніку расейскія кандытары могуць саступіць долю рынку вытворцам з Беларусі і Казахстана.

З 6 чэрвеня ў Расеі дзейнічае забарона на імпарт часткі малочнай сыравіны з Беларусі ўключна з сухім малаком і сыроваткай.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Viktor Drachev/TASS/ Forum

Глядзі таксама
Каментары