Расейскага вайскоўца зарэзалі ў Гюмры


Па факце забойства Івана Новікава, які служыў у 102-й вайсковай базе, распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «забойства».

Цела хлопца з колата-рэзанымі ранамі знайшлі каля манументу «Маці Арменя». Цяпер праваахоўныя органы праводзяць праверку. Пакуль галоўная версія забойства – бытавая.

У сувязі з інцыдэнтам затрыманы ягоны калега, таксама вайсковец-кантрактнік. Ён дае паказанні, піша газета «Коммерсантъ».

Іван Новікаў служыў на той самай базе, што і Валерый Пермякоў, які 12 студзеня 2015 года забіў сем членаў армянскай сям’і Авесіцян, у тым ліку двух дзяцей. Жаўнер тэрміновай службы спрабаваў збегчы ад правасуддзя ў Турцыю, але яго затрымалі на мяжы. Пазней Пермякоў прызнаў сваю віну.

Чытайце таксама: Страх без нянавісці ў Гюмры

Паўгода таму забойства сям’і Авесіцян выклікала хвалю масавых пратэстаў у Гюмры і іншых гарадах. Жыхары рэспублікі патрабавалі выдаць Пермякова мясцовым уладам.

У выніку Арменія і Расея дамовіліся і цяпер вядуць сумеснае расследаванне.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў