Расеец зладзіў у Чыце пікет супраць перадачы зямлі ў арэнду Кітаю


Жыхар Чыты Мікалай Ліханаў выйшаў 1 ліпеня на адзіночны пікет «Тэрыторыя беззаконня – Russia» да адміністрацыі Забайкальскага краю з патрабаваннямі не перадаваць сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў арэнду прадпрымальнікам з Кітаю і правесці праверку прычын дэфіцыту бюджэту рэгіёну.

«Кожны гектар забайкальскай зямлі аддаюць фактычна за шклянку кефіру ў год. Нават самая дохлая карова дае вядро малака ў месяц, у год – 12 вёдраў, гэта значыць яна для рэгіёну больш выгадная, чым прапанаваная здзелка з кітайцамі. Улады рэгіёну тлумачаць гэтак нізкую арэндную плату вялікімі тэрыторыямі. А калі б вырашылі аддаць не 115 тыс. гектараў, а 230 – аддалі б дарма?», – сказаў Ліханаў.

Ён наклеіў на ганку адміністрацыі лозунг «Тэрыторыя беззаконня – Russia», патлумачыўшы, што назву краіны напісаў на англійскай мове, бо хацеў паказаць, што краіна мусіць выконваць нормы міжнароднага права, што цяпер у Забайкальскім краі не робіцца, інфармуе news.chita.ru.

Дадатковымі патрабаваннямі пікету сталі неабходнасць разабрацца ў фіктыўным, на думку Мікалая Ліханава, дзярждоўгу Забайкальскага краю ў Ru 1,6 млрд.

Раней кіраўніцтва Забайкалля і кітайская кампанія «Хуаэ Сінбан» падпісалі пратакол, які прадугледжвае арэнду 115 тыс. гектараў сельгасзямель і пакінутай прамысловай зоны ў пасёлку Магайтуй на 49 гадоў, падае tvrain.ru.

У адказ пачаўся збор подпісаў супраць перадачы тэрыторый у арэнду кітайцам. Зварот у інтэрнэце падпісалі некалькі тысяч чалавек. Ініцыятыва абурыла і дэпутатаў Дзярждумы РФ з фракцыі ЛДПР, якія заклікалі адмовіцца ад гэтых намераў.

23 чэрвеня губернатар Забайкальскага краю Канстанцін Ількоўскі зняпраўдзіў інфармацыю аб перадачы зямлі ў арэнду Кітаю. Ён распавёў, што ўлады Забайкалля працягваюць шукаць арандатараў і прапануюць ім роўныя ўмовы. І адзначыў, што калі Кітай будзе апрацоўваць зямлі, кітайскіх рабочых будзе не больш за 50%. У такім выпадку гэта будзе расейскае прадпрыемства з удзелам кітайскага капіталу.

Паводле chita.ru, tvrain.ru

Глядзі таксама
Каментары