«Рак не чакае». Ракавыя і здаровыя клеткі змагаліся ў Горадні


Першая ў Беларусі падобная акцыя праводзіцца адмыслова ў Міжнародны дзень дзяцей, хворых на рак, каб сабраць патрэбныя грошы на лячэнне гарадзенскага падлетка Яраслава Пазняка.

Цэнр «ПОРА» разам з фітнес-цэнтрам «Адрэналін» выступілі ініцыятарамі ўнікальнага для Беларусі забегу «ракавых і здаровых клетак», які праводзіўся ва ўрочышчы «Пышкі». Забег быў інсцэнізацыяй барацьбы клетак у арганізме хворага чалавека, каб болей прыцягнуць увагу грамадства да трагедыі дзяцей, хворых на рак. Галоўным героем, дзеля якога ладзіўся забег, стаў Яраслаў Пазняк, 13-ці гадовы гарадзенец, якому тэрмінова патрэбна аперацыя.

«Ён сутыкнуўся з анкалогіяй. Зараз праходзіць лячэнне ў шпіталі ў Бараўлянах. Яго лячэнне бясплатнае, але ў яго такі від захворвання, што яму патрабуецца аперацыя, якую лекары праводзяць менавіта ў Італіі. І на гэтую аперацыю ў Італіі трэба сабраць грошы. І нашая акцыя – гэта спосаб прыцягнуць увагу людзей да гісторыі Яраслава. Для таго, каб паспець сабраць гэтыя грошы і адправіць яго на аперацыю. Таму што анкалогія – гэта такое захворванне, дзе час – гэта ключавы фактар і чакаць нельга», – тлумачыць арганізатар забегу, дырэктар Цэнтру «ПОРА» Ганна Ждановіч.

Як распавядае арганізатар, галоўнай мэтай забегу, было паказаць, як змагаюцца здаровыя клеткі і праз якія бар’еры праходзіць хворы чалавек у барацьбе за сваё жыццё.

«Калі ставіцца дыягназ анкалогія – самы першы бар’ер на шляху ў ракавых клетак гэта лячэнне. Лячэнне, потым падтрыманне. Вельмі важныя эмоцыі, таму што губляецца імунітэт у дзіцяці ці дарослага, а станоўчыя эмоцыі здольная імунітэт падтрымліваць. Крыху яго генеруюць, крыху лейкацытаў выпрацоўваюць, калі добры настрой у дзіцяці. Таму падтрымка ўсялякая – грамадская, з боку родных, з боку знаёмых, таксама вельмі важная. Гэта таксама істотны бар’ер для ракавых клетак. І апошні бар’ер, які мы тут выставілі, гэта грошы на лячэнне. Таму што вельмі рэдка сям’я самастойна можа закрыць збор. Як правіла, гэта вельмі вялікія сумы. І ўсё лячэнне яно збіраецца па капейках. У гэтым задзейнічаная велізарная колькасць людзей, арганізацыі і вельмі важна паспець. І вось усе гэты бар’еры ракавыя клеткі пераадольваюць», – кажа Ганна Ждановіч.

Сума, патрэбная на лячэнне Яраслава складае 16 720 Еўра. Ахвотныя дапамагчы могуць звяртацца ў Цэнтр «ПОРА», які аказвае дапамогу дарослым і дзецям, якія сутыкнуліся з анкалогіяй. Кантактны тэлефон +375 29 282 20 56 (МТС).

Усе фотаздымкі

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў