Работнікі БелАЗу: «Канвеер пусты стаіць»

video

Канвееры запавольваюцца, але складскія запасы рэзка выраслі. За студзень, у сярэднім у прамысловасці яны склалі ¾ ад месячнай вытворчасці.

Між тым валавы ўнутраны прадукт нашай краіны рэзка паскорыў падзенне. Калі ў студзені мінулага года ён скараціўся менш, чым на 1 %, то сёлета – амаль на 4,5 %, а ў пераліку на долары – увогуле амаль на 20 %.

«Праблема ў тым, што не знойдзеныя рынкі трэціх краінаў, не адшуканыя новыя метады збыту беларускіх тавараў. І стаўка была зробленая толькі на традыцыйныя рынкі, і, як бачым, яна не апраўдалася», – зазначае эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, найбольш скарацілася вытворчасць аўтобусаў. Іх за першы месяц года выпусцілі на дзве траціны менш, грузавікоў – напалову, а выраб карʼерных самазвалаў скараціўся больш, чым на траціну.

«Збіраюць тое, што ёсць. Не як раней на здзелцы – 4 машыны на дзень, а цяпер – збіраюць марудней – раз на тыдзень машына выходзіць», – кажа хлопец з заводу.

«Не робіць канвеер. Ідзіце, калі вас пусцяць, канвеер пусты стаіць. Ні воднай машыны няма», – дадае работнік БелАЗу.

«Замоваў менш. Усё ж такі, у розных краінах, крызіс па-свойму адбіваецца на розных прадпрыемствах», – падсумоўвае яшчэ адзін супрацоўнік прамысловага гіганту.

Што праўда, падтрымліваць міф аб сусветным крызісе ўладам становіцца ўсё цяжэй. За мінулы год, калі айчынная эканоміка скарацілася амаль на 4 %, кітайская – наадварот, вырасла амаль на 7 %, еўразона – на 1.5 %, ЗША – на 0.5 %, пры найніжэйшым беспрацоўі за сваю гісторыю. На фоне гэтых лічбаў мяняецца і рыторыка афіцыйнага Менску.

«Усялякія размовы наконт нейкага крызісу – непрымальныя. Ніякага крызісу няма. Крызіс – у нас у галаве», – даводзіць кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Праўда, прызнаючы ўнутраныя прычыны крызісу ў Беларусі, кіраўнік краіны працягвае вінаваціць у гэтым персанальна асобных урадоўцаў. Крытыкі ж міжнародных фінансавых арганізацыяў кажуць, што беларуская эканамічная сістэма душыць дзелавую ініцыятыву і адпалохвае інвестараў, але Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму рэфармаваць эканоміку адмаўляецца.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары