«Пусціце мяне хоць на хвілінку пабачыць дзяцей». У Бабруйску маці-адзіночку судзяць «за збіццё міліцыянта»


27-гадовая Анастасія Навоева ўжо больш за месяц у СІЗА, а ейныя дзеці – з красавіка ў прытулку. Жанчыне пагражае год абмежавання волі. Дзяцей вяртаць ёй дзяржава не збіраецца.

Кволая дзяўчына супраць міліцыянта: хто каго?

Анастасія Навоева – сірата, сама выхоўвалася ў інтэрнаце. Мае цяжкую сямейную гісторыю. Ейная маці-алкагалічка памерла ад інсульту. Цяпер Анастасія – сама маці двух дзяцей – 7-гадовага Івана і 4-гадовай Ульяны. Жанчына працавала ў тры змены на бабруйскай «Белшыне», каб забяспечыць дзяцей усім неабходным.

Гісторыя, што прывяла да зняволення і суда, пачалася 18 красавіка 2015 г., калі Анастасія прыйшла ў бабруйскі дзіцячы шпіталь забраць дачку. Але медперсанал не аддаў ёй дзіця, спаслаўшыся, на тое, што яна і так забірае яго пазней тэрміна і да таго ж п’яная. Раней Анастасія не магла забраць дачку, бо працавала днём і ноччу, пра што паведаміла ў шпіталь. У выніку са шпіталя жанчыну забралі ў міліцыю, а дзяцей – у прытулак.

Супраць Анастасіі распачалі крымінальную справу паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

28 верасня над жанчынай распачаўся суд. На апошнім, трэцім слуханні, падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца, як і раней, настойваў на тым, што Навоева была п’янай, калі прыйшла ў шпіталь забіраць дачку. Таму дактары не аддалі ёй дзіця. Жанчына ў адказ пачала паводзіць сябе агрэсіўна.

Загадчыца аддзялення Лілія Малькоўская выклікала міліцыю. Прыехаў участковы міліцыянт Віктар Тоўсцік, які, нібыта, хацеў скласці на Анастасію пратакол адміністратыўнага парушэння. Але жанчына, паводле Тоўсціка, не падпарадкавалася, і з ім таксама паводзіла сябе агрэсіўна. Яна выбегла на вуліцу. Дагнаў міліцыянт яе толькі ў тралейбусе. А калі ўжо на прыпынку спрабаваў затрымаць, яна, нібыта, аказала супраціўленне, і пачала біць міліцыянта. Працягнула яна «збіваць» і «драпаць» Тоўсціка і аддзяленні міліцыі, куды яе даставілі.

Пракурор запрасіў у суда для жанчыны два гады абмежавання волі без накіравання ў адкрытыя ці закрытыя ўстановы, а паколькі Навоева трапляе пад Закон аб амністыі, то скараціць ёй гэты тэрмін да года. Як патлумачыла адвакат Анастасіі, такое пакаранне – гэта як «хатняя хімія». Цягам году Анастасія зможа хадзіць толькі на працу, і будзе вымушана рэгулярна адзначацца ў міліцыі.

Адвакаты: незаконнымі былі дзеянні дактароў і міліцыянтаў

Адвакаты з менскага прыватнага адвакацкага бюро «Ганна Славіна і партнёры» спрабавалі даказаць у судзе, што ніякага злачынства насамрэч не было, а неправамерныя дзеянні ўчынілі як раз дактары дзіцячай бальніцы і міліцыянты.

Яны будуюць сваё абвінавачванне на тым, што жанчына была п’яная. Але гэта – галаслоўна, паводле адвакатаў, бо медычнага пасведчання не было. Таму трэба адразу прыняць, што Анастасія была цвярозай, а значыць, дактары не мелі права не аддаваць ёй дзіця.

Таму з самага пачатку ўсё абвінавачванне сыплецца. А дактары, паводле адвакатаў, занялі зараз абвінаваўчую пазіцыю, бо інакш бы ўзнікла пытанне аб правамернасці іх дзеянняў. Адвакат звярнула ўвагу, што адказнасць па артыкуле 364 УК РБ наступае ў выпадку гвалтоўных дзеянняў у адказ на законныя дзеянні міліцыянта. А ў дадзеным выпадку яны не былі законнымі, а значыць, жанчына магла абараняць сябе аж да ўжывання фізічнай сілы.

Анастасію прызнаюць псіхічна хворай?

На апошнім слуханні суддзя Галіна Савасцянчык прадставіла заключэнні аб наяўнасці ў Анастасіі псіхічных захворванняў, якія не дазваляюць выконваць бацькоўскія абавязкі. Анастасія адказала, што ўпершыню чуе пра гэта, і што паводле апошняй медычнай камісіі, яна прызнаная псіхічна здаровай.

Што за захворванні раптам выявіліся, невядома – суддзя сказала, што ў заключэннях яны не пералічаныя. Каб працягнуць размову пра псіхічны стан Навоевай, у залю запрасілі аднаго з дактароў, што падпісвалі заключэнне і Алену Фешчанка, дзяржаўнага медычнага судовага эксперта-псіхіятра. Паколькі размова мусіла пайсці пра стан здароўя абвінавачанай, усіх астатніх папрасілі з судовай залі сыйсці. Пазней да гэтай тэмы суд больш не звяртаўся.

Алеся Садоўская з Маладзечна, прадстаўніца грамадскай кампаніі «Наш дом», што ўзялася дапамагаць Анастасіі (і якая сама апынулася ў падобнай сітуацыі – нібыта за збіццё міліцыянта яе прымусова лячылі і забралі ў яе дачку) заўважыла, што нічога не ведае пра новыя заключэнні, і пацвердзіла, што апошняя медкамісія паказала, што Навоева цалкам здаровая.

Выслухаўшы спрэчкі, суддзя перанесла абвяшчэнне прысуду на 14 кастрычніка. Апошняе слова Анастасіі не далі. Адразу пасля суда на дзяўчыну начапілі кайданкі і павялі ў аўтазак. Анастасія са слязьмі прасіла суддзю дазволіць ёй пабачыцца з дзецьмі, хоць на хвілінку, ці паразмаўляць з блізкімі, але суддзя адмовіла.

«Гэты міліцыянт ганьбіць усю беларускую міліцыю!»

Алеся Садоўская лічыць, што сітуацыя Анастасіі, як і шмат іншых падобных, што ўсё часцей здараюцца ў краіне, гэта спроба чынавенства паказаць сваю працу.

«Гэта ўсё нічога агульнага не мае з абаронай правоў дзяцей, – кажа Алеся. – Бо абараніць дзіця – гэта ў першую чаргу пакінуць яго ў яго сям’і. А тое, што робіцца – гэта парушэнне правоў і бацькоў, і іх дзяцей».

Паводле Алесі, трэба ўносіць змены ў Дэкрэт №18, які цалкам супярэчыць беларускаму заканадаўству, згодна з якім адбіраць дзяцей у бацькоў можа толькі суд, а не міліцыянты ці рознага гатунку камісіі. На сітуацыю Навоевай Алеся глядзіць без аптымізму, і не верыць, што дзяцей ёй вернуць. Але збіраецца і далей памагаць бабруйчанцы і рабіць усё магчымае, каб перамагла справядлівасць.

Родны бацька Івана і Ульяны Генадзь Горленка хоча забраць дзяцей да сябе, але яго збіраюцца пазбавіць бацькоўскіх правоў. Позву аб адабранні дзяцей у Анастасіі без пазбаўлення бацькоўскіх правоў і аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў Генадзя падаў аддзел адукацыі Ленінскага раёну Бабруйску. На 20 кастрычніка прызначаны суд.

«Мне ніхто не тлумачыць, чаму мне не аддалі дзяцей, і чаму збіраюцца пазбавіць бацькоўскіх правоў. Маўляў, не магу ў поўнай ступені выхоўваць дзяцей. Я не разумею – я бамжую, падобны да бамжа, ці што?» – эмацыйна кажа мужчына.

Алеся Садоўская таксама заўважае, што гэта поўны абсурд, бо Генадзь забяспечаны жытлом, працуе. Што да сітуацыі з Анастасіяй, Генадзь не становіцца цалкам на ейны бок, але і дзеянні міліцыі яго абураюць.

«Даросламу мужыку, міліцыянту судзіцца з Насцяй…Ён думае, што абараняе гонар свайго мундзіра? Ён ганьбіць яго, ён ганьбіць усю беларускую міліцыю. Маёр, мужчына, пад два метры росту судзіцца з дзяўчынай! Гэта не мужык!» – зноў не можа стрымаць эмоцый Генадзь. З дзецьмі Генадзь, паводле ягоных словаў, бачыцца. Кажа, што яны пачалі разумець сітуацыю, але просяцца дадому.

Данута Бароўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары