Пуцін прапанаваў Дональду Туску падзяліць Украіну і забраць сабе Львоў


Радаслаў Сікорскі ў інтэрвю часопісу «Politico Magazine» заявіў, што падрыхтоўку да захопу Крыму Расея пачала яшчэ ў 2008 годзе.

«Наш чалавек у Варшаве» – так расейскія СМІ называлі прэм’ер-міністра польскага ўраду Дональда Туска, які 6 гадоў таму наведваў Маскву з першым візітам.

Сёння сталі вядомыя дэталі сустрэчы, піша «Politico Magazine». Паводле былога міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, які тады быў адным з членаў урадавай дэлегацыі, Пуцін прапаноўваў падзел Украіны.

«Уварванне Расеі ва Украіну планавалася цягам многіх гадоў. Пуцін ужо ў 2008 годзе прапанаваў Дональду Туску падзел краіны і далучэнне Львова і чатырох іншых правінцый да Польшчы. Украіна штучная дзяржава, а Львоў сапраўды польскі горад. Чаму б нам не вырашыць гэтую праблему разам?» – цытуе словы Пуціна ў размове з Тускам выданне.

Сэрвіс адзначае, што Крэмль такім чынам «спрабаваў гуляць на «імперскіх марах» палякаў».

Палітык адзначыў, што «Туск Пуціну тады нічога не сказаў, таму што ведаў, што размова запісваецца».

Сікорскі сцвярджае, што Польшча некалькі разоў атрымлівала падобныя прапановы ад Масквы. Напрыклад, у 2013 годзе аналагічную прапанову высунуў Уладзімір Жырыноўскі пасля звяржэння Віктара Януковіча, пішуць «Wiadomosci.onet.pl».

Пазней Сікорскі ў сваім «Facebook’у» напісаў, што інтэрв’ю з часопісам не было аўтарызавана, і некаторыя з яго слоў раздутыя. «Польшча не прымае ўдзелу ў анэксіях», – адзначыў польскі дыпламат.

 

Post użytkownika Radek Sikorski.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў