Пуцін – Лукашэнку: «Навошта вы малако разбаўляеце, гэта ж не піва»


Смех у зале сярод удзельнікаў форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі, які прайшоў у Сочы 18 верасня, выклікаў дыялог Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якія абмеркавалі натуральнасць беларускага малака.

Прэзідэнт Беларусі вырашыў адказаць на папрокі з боку прэзідэнта Казахстану.

Нядаўна Нурсултан Назарбаеў на форуме прыгранічнай супрацы Расеі і Казахстана паскардзіўся Пуціну, што Лукашэнка «шпарыць туды парашок гэты, парашок разводзіцца і прадаецца. Гэта зусім ня цэльнае малако, гэта малочны напой, ён на Захадзе такім і лічыцца, а прадаецца па такіх жа коштах, па якіх прадаецца нашае малако».

Лукашэнка, скарыстаўшыся сітуацыя і з трыбуны форуму ў Сочы паспрабаваў даць годны адказ свайму казахстанскаму сябру, але не без дапамогі Пуціна нарваўся толькі на смех у зале.

– На жаль, у нас не ўсё атрымліваецца ў Еўразійскім эканамічным саюзе. І вы гэта, напэўна, адчуваеце. Я вось прачытаў выступленне нашага дарагога сябра Нурсултана Абішавіча з нагоды яго заклапочанасці нейкім ненатуральным малаком ці яшчэ штосьці тут… Я проста не хачу…» – разгубіўся Лукашэнка.

– Ён разлічваў на вашу рэакцыю. І дамогся свайго, – пракаментаваў Пуцін.

– Па-першае, мы жывем у рынкавых умовах. І самы прасунуты рыначнік сярод нас, вы гэта бачыце і па праграмах, – Нурсултан Абішавіч. Купляюць у Казахстане малако такое, ну туды і вязуць яго. Не купляюць – не павезлі б! Гэта па-першае, – працягваў Лукашэнка, а госці форуму аж хапаліся за жываты.

– Па-другое, няма такога тэрміна «натуральнае малако». Усе выдатна разумеюць, што і Расея, і Беларусь узаемна сушаць гэта малако, выдаляюць ваду. І калі пік малака падае, калі яго не хапае, Расея заказвае ў Беларусі, мы часта набываем у Расеі гэтае малако, разводзім яго, гэта значыць дадаючы ваду, і атрымліваецца нармалізаваць малако.

– Але гэта ж не піва! Навошта вы разбаўляеце малако? – заўважыў Пуцін пад гучны смех у зале.

– Не зразумеў, – паўшэптам звярнуўся Лукашэнка да Пуціна.

– Гэта не піва. Навошта вы малако разбаўляеце, – паўтарыў Пуцін.

– Так, – крыху збянтэжана сказаў Лукашэнка, але хутка сабраўся. – Таму калі разважаеш на нейкую тэму і праблему, трэба глыбей у ёй разбірацца. А тое, што ён кажа пра напой нейкі малочным, дык гэта калі сок дадаеш туды. Тады гэта напой. Вось у заходняй Еўропе, дарэчы, гэта ёсць. І гэтая тэма не мае ніякага дачынення да таго, што ў нас адбываецца ў Еўразійскім эканамічным саюзе. У ёсць значна больш сур’ёзныя праблемы, – канстатаваў кіраўнік Беларусі.

belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў