Беларускі саюз прадпрымальнікаў просіць стварыць сістэму жорсткай прывязкі валютаў Беларусі, Расеі і Казахстану.
«Расейская федэрацыя насуперак шэрагу міжнародных пагадненняў па адзінай эканамічнай прасторы, займаецца дэвальвацыяй уласнай валюты», – тлумачыць belsat.eu старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.
«Безумоўна ад гэтага пакутуе прыватны бізнес, які накіраваны на экспарт у РФ. Мы вельмі просім беларускі, расейскі і казахскі ўрады стварыць плацежную сістэму з больш жорсткай прывязкай нацыянальных валютаў (беларускі і расейскі рубель ды казахскі тэнге – belsat.eu). Бо зараз Адзіная эканамічная прастора разрываецца», – лічыць старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.
Нацыянальная плацежная сістэма для ўзаемных разлікаў у рамах Еўразійскага эканамічнага саюзу мае запрацаваць у 2025-2030 гг. Пра гэта 2 снежня паведаміў расейскаму выданню «Известия» прадстаўнік расейскай Нацыянальнай плацежнай рады Аляксандр Мурычаў. Расейскі чыноўнік заўважыў, што палова ўзаемных разлікаў паміж Беларуссю, Расеяй і Казахстанам адбываюцца ў доларах ЗША і еўрах. На думку Мурычава гэта павышае залежнасць Еўразійскага эканамічнага саюзу ад заходніх эканомік.
Паводле старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Расея зараз парушае дамоўленасці аб адзінай валютнай палітыцы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюзу.
«На сённяшні дзень беларускі экспарт у РФ стаў нявыгадны, – канстатуе Аляксандр Калінін і абвяргае чуткі пра ініцыятыву ўвядзення расейскай валюты. – Узаемная прывязка нацыянальных валютаў не патрабуе пераходу на расейскі рубель. Гэта ўсё чуткі. Гэта занадта моцна ўдарыць па кішэнях беларусаў», – падкрэсліў кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў.
ЮВ, belsat.eu