Прысуд у «справе трох прафесараў» вынесуць 7 ліпеня


Навукоўцаў з БНТУ вінавацяць у нанясенні стратаў бюджэту і шкодзе прэстыжу ўніверсітэту. Падсудныя бліскуча абараняюцца, «разабрацца абʼектыўна» запатрабаваў кіраўнік Беларусі.

Суд ад пачатку 2016-га, следства – тры гады

Пракурор Вадзім Кісель лічыць усіх фігурантаў справы вінаватымі ў парушэнні часткі 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса «Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі».

Прафесара, доктара фізіка-матэматычных навук Аляксандра Чычко ён папрасіў асудзіць на 4 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбавіць права займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 год. Для прафесара, доктара тэхнічных навук Уладзіміра Собалева – такое ж пакаранне тэрмінам на 3,6 год. Пракурор лічыць, што ў дачыненні да яго ёсць змякчальныя абставіны: узрост (прафесар 1941 году нараджэння) і ІІ група інваліднасці па зроку. Для жонкі прафесара Чычко, кандыдата тэхнічных навук Вольгі Чычко, дацэнта кафедры «Інфармацыйных тэхналогіяў» БНТУ – 3 гады. Для ўсіх падсудных пракурор прапанаваў 2 гады адтэрміноўкі выканання пакарання.

Яшчэ адзін абвінавачаны – прафесар Давід Кукуй – загінуў у ДТЗ, пакуль ішло следства. На той момант ён быў загадчыкам кафедры «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» БНТУ, дзе і працавалі Аляксандр Чычко і Уладзімір Собалеў. Пасля смерці Давіда Кукуя ў справе з’явілася жонка прафесара Чычко ў статусе абвінавачанай.

Што адбылося?

03

Група навукоўцаў кафедры «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» ў складзе часовых навуковых калектываў у 2008-2010 гадах займалася распрацоўкамі ў межах дзяржаўнай праграмы «Металургія». Вольга Чычко тэставала створаныя кампютарныя праграмы. Акты пра выкананыя працы тады прыняла Акадэмія навук. Навукоўцам выплацілі ўзнагароджванне: па 5-6 мільёнаў рублёў у месяц на 10 асобаў за тры тэмы.

Паводле абвінавачвання, навукоўцы свядома схавалі, што, раней, у 2007-2008 гадах, яны ўжо рабілі падобныя праграмы і матэматычныя мадэлі для Беларускага металургічнага заводу, і прадставілі старыя вынікі як новыя каб «зарэкамендаваць сябе паспяховымі навукоўцамі і дасягнуць прызнання ў навуковай супольнасці». Тры прафесары, а пазней і жонка Аляксандра Чычко, паводле версіі пракуратуры, злоўжылі службовымі паўнамоцтвамі, прыкрываючы створаны імі прадукт, які быццам бы не мае навуковай навізны і практычнай каштоўнасці.

«У той час як насамрэч аплочаныя працы па заданнях праграмы «Металургія» засталіся нявыкананымі, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе стратаў для дзяржавы ў асабліва буйным памеры», – гаворыцца ў абвінавачванні. Маецца на ўвазе сума больш як 176 мільёнаў рублёў.

Яшчэ ў 2013 годзе па выніках праверкі АБЭП у БНТУ рэктару Барысу Хрусталёву прапанавалі вярнуць нанесеную дзяржаўнаму бюджэту шкоду. Давід Кукуй у інтэрвю СМІ і Аляксандр Чычко ў часе адкрытага судовага працэсу казалі, што ў выпадку поўнай кампенсацыі ім абяцалі закрыць пытанне.

Тры прафесары доўг у 200 мільёнаў рублёў раздзялілі паміж сабой, хоць у часовых навуковых калектывах працавала 10 асобаў.

Яшчэ 400 мільёнаў рублёў вярнуў БНТУ: суму, выдзеленую калісьці, праіндэксавалі і налічылі штрафныя санкцыі. Не гледзячы на гэта, на лаве падсудных апынуліся навукоўцы з сусветнымі імёнамі, якія ніколі не займалі службовых пасадаў, а займаліся навукай і выкладаннем. Belsat.eu прысутнічаў на судовых спрэчках.

«З жонкі хацелі зрабіць мафіёзі, а яна была мне памочніцай»

Прамовы адвакатаў былі вельмі дэтальнымі і пераканаўчымі. Самым эмацыйным і доўгім было апошняе слова прафесара Аляксандра Чычко. Ён прыйшоў з тоўстым партфелем папер, размеркаваных па асобных тэчках і не пакінуў па-за ўвагай ніводную думку пракурора.

«У абвінавачванні выкарыстана слова «запазычванне», сэнс якога я тлумачыў цягам трох месяцаў. «Запазычванне» – гэта выкарыстанне чу-жо-га. Калі навукоўцы бяруць свае дадзеныя, то ўжываецца слова «выкарыстанне»! Прашу звярнуць увагу Генеральную пракуратуру на некаторыя тэрміны ў абвінавачванні. За такія рэчы трэба студэнтаў выганяць, а яны пішуць і змацоўваюць пячаткамі!», – выступаў прафесар Чычко.

Ён даводзіў, што ў выкарыстанні сваіх напрацовак няма злачынства: навукоўцы могуць з дапамогай адных і тых жа дадзеных вырашаць канкрэтныя задачы для кожнага асобнага выпадку. Так працуе навука ва ўсім свеце.

З педантычнасцю, адсылкамі да навуковых крыніцаў і дакументаў, паказанняў сведак прафесар прайшоўся па ўсіх пунктах абвінавачвання, якія ён лічыць заведама хлуслівымі. Такіх, паводле Аляксандра Чычко, 29. Тэчка з ягоным апошнім словам змяшчае 90 старонак.

Тры гады следства і месяцы суда відавочна стамілі яго. Навуковец не стаў хаваць, што яго вельмі закранула, калі статус абвінавачанай атрымала ягоная жонка:

«З маёй жонкі вы зрабілі мафіёзі. Канешне, з дапамогай блізкага чалавека на мяне хацелі націснуць. Але вы памыліліся: яна дзекабрыстка. Вы думалі, што мяне хопіць інфаркт, а яна была памочніцай! Гэта яна сфатаграфала матэрыялы крымінальнай справы і прасіла мяне пачытаць. Я лічыў, што я разабю іх, не чытаючы. Я цяпер разумею, што толькі спасылка на дакументы дазволіла мне не галаслоўна казаць пра парушэнні, што былі зробленыя».

У апошнім слове Вольга Чычко казала, што не з’яўлялася службовай асобай – матыву ўступаць з ёй у змову не магло быць ні ў каго.

«Для мяне было важна, што я ўдзельнічала ў распрацоўцы мадэляў, у апрабацыі і абмеркаванні праграм, – тлумачыла сваю пазіцыю падсудная. – Безумоўна, можна было б займацца выкладаннем, але што тады расказваць студэнтам пра практычную дзейнасць? Калі выкладчыкі не вядуць навуковай працы, яны не могуць патлумачыць, што адбываецца на вытворчасці. Якімі будуць выходзіць студэнты і слухачы? Тэарэтыкі вядуць заняткі, такія ж тэарэтыкі выходзяць з універсітэту на завод?»

02

Апошняе слова Уладзіміра Собалева (на фота) не перавышала і трох хвілін. Ён перадаў сваю прамову ў пісьмовым выглядзе ды назваў гэты суд «інквізіцыяй супраць навукі».

«За кароткі час спалілі ўсё: аўтарытэт, здароўе, групу даследчыкаў, унікальныя кадры», – заявіў прафесар.

9 старонак прыкметаў заказной справы

Асобную частку ў апошнім слове Аляксандр Чычко прысвяціў людзям, якія, на ягоную думку, былі зацікаўленыя ў судовым працэсе супраць іх кафедры. Аргументы пра гэта занялі ажно 9 старонак з 90. Навуковец не зачытваў іх цалкам, аднак паперы фігуруюць у матэрыялах справы. Прафесар Давід Кукуй у перадсмяротным інтэрвю таксама казаў, што ў крымінальнага разбіральніцтва «ногі растуць» са старой прафесійнай канкурэнцыі.

Чаму нават пасля кампенсацыі быццам бы нанесенай шкоды справа ўсё ж дайшла да суда?

«Гэта гісторыя цягнецца ўжо даўно. – казаў Давід Кукуй у размове з TUT.BY у кастрычніку 2013 года. – Пачалася яна з таго, што ў нас у краіне з’явілася адна вядомая асоба ў Акадэміі навук, якая абвесціла сябе пасланнікам Бога ў беларускай металургіі. Гэты чалавек «прысмактаўся» да Беларускага металургічнага заводу і дапамагаў кіраўнікам рабіць дысертацыі, а яны яму ў адказ дазвалялі займацца навуковымі распрацоўкамі. І гэта праца дайшла да таго, што на завод нікому нельга было з’явіцца са сваймі ідэямі без ягонай згоды. Адчуваючы сваю важнасць, ён цягнуў на БМЗ усялякія іншаземныя фірмы, якія былі гатовыя займацца распрацоўкамі, лабіраваў іх інтарэсы, а тут з’явілася наша кафедра і стала распрацоўваць свае ІТ-праграмы. У нас на кафедры сапраўды працуюць моцныя прафесары. Наша кафедра – адзіная ў краіне, якая займаецца інфармацыйнымі тэхналогіямі ў металургіі, у ліцейнай вытворчасці (кафедра «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» заснавана ў 1954 годзе – заўв. аўт.). Менавіта наша група прафесараў стварыла і зарэгістравала шэраг праграм у вобласці ІТ у металургіі. У тым ліку мы шмат працавалі з БМЗ. Калі ж на БМЗ змянілася кіраўніцтва ў 2000-х гадах, гэтага навукоўца адтуль выгналі. Тады і пачалася сапраўдная канкурэнцыя, сталі абвяшчаць тэндары на навуковыя распрацоўкі, пачалася барацьба за тэмы».

Тры прафесары заміналі настаўніку алігарха Пінчука?

timoshpoljskij

Загінулы прафесар распавядаў журналістам таксама пра пра заслужанага дзеяча навукі РБ, доктара тэхнічных навук, прафесара Уладзіміра Цімашпольскага (на фота).

Ураджэнец украінскага Днепрадзяржынску (сёння Каменскае), ён скончыў Днепрадзяржынскі індустрыяльны інстытут па спецыяльнасці «Прамысловая цеплаэнергетыка». З 1976 па 1983 гады атрымлівае навуковыя званні спачатку малодшага, затым старэйшага навуковага супрацоўніка ды працуе інжынерам на Дняпроўскім камбінаце імя Дзяржынскага.

У 1982 годзе ў Днепрапяроўскім металургічным інстытуце (сёння Нацыянальная металургічная акадэмія акадэмія Украіны) ён абараняе дысертацыю па спецыяльнасці «Металургія чорных металаў» ды атрымлівае ступень кандыдата тэхнічных навук.

У той самы час там вучыўся ўкраінскі алігарх Віктар Пінчук. Ён скончыў ВНУ ў 1983 годзе па спецыяльнасці «апрацоўка металаў пад ціскам». Менавіта ў гэтай галіне ён і пачынаў свой бізнес у 90-х.

З 1983 года Цімашпольскі ўжо ў БНТУ (тады Беларускі політэхнічны інстытут): праходзіць далейшыя прыступкі акадэмічнай кар’еры. У 1988 годзе ён кіруе навукова-даследчай лабараторыяй «Праблемы металургічнай вытворчасці» пры БМЗ і БНТУ. Лабаторыя была створана з ягоным непасрэдным удзелам. Паводле афіцыйнага сайта Акадэміі навук, гэту пасаду ён займаў да 2003 года.

Менавіта з гэтага моманту, паводле ўспамінаў Давіда Кукуя, паміж навукоўцамі пачынаецца канкурэнцыя за права распрацовак для БМЗ.

У 2007-2008 гадах група навукоўцаў з ягонай кафедры паспяхова робяць для заводу навуковыя працы. Пазней прафесары Собалеў, Чычко і Кукуй возьмуць адсюль справаздачы гаспадарчых дамоваў з зыходнымі даследчымі дадзенымі для заданняў ужо ў рамках праграмы «Металургія». Менавіта на гэтай акалічнасці Следчы камітэт з Пракуратурай пабудуюць канву крымінальнай справы.

Тым часам Уладзімір Цімашпольскі ўжо кіруе кафедрай «Металургічныя тэхналогіі» БНТУ, што афіцыйна створаная ў 2000 годзе. Пасля загадчыцай становіцца ягоная вучаніца Ірына Трусава, таксама выпускніца Днепрадзяржынскага індустрыяльнага інстытуту.

У прэсе імя Цімашпольскага з’яўляецца ў 2007 годзе. Тады ён займаў пасаду намесніка старшыні прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук ды быў актыўным лабістам будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Праз год яго здымуць з гэтай пасады, але Цімашпольскі паспее спрычыніцца да яшчэ аднаго буйнога праекту.

«Ён прыдумаў стварыць у рэспубліцы доменную вытворчасць. Ліст з прапановай ён даслаў прэм’еру Міхаілу Мясніковічу. Такая вытворчасць у першую чаргу неабходная нашаму БМЗ, каб забяспечыць сябе сыравінай. Сваёй сыравіны – лому – не хапае ў Беларусі, і мы купляем яго ў Расеі. … Аднак рэалізаваць праект гэтага навукоўца перашкаджае, што ў Беларусі няма руды, што для гэтага праекту скрайне неабходна. Бо прыйдзецца ўсё роўна з Расеі вазіць за 7-8 тысяч км і перапрацоўваць яе ў нас», – тлумачыў тагачасны загадчык кафедры «Машыны і тэхналогіі ліцейнай вытворчасці».

Прэм’ер папрасіў выказацца наконт праекту навукоўцаў, у тым ліку Давіда Кукуя, які яшчэ быў і старшынём Асацыяцыі ліцейшчыкаў і металургаў Беларусі.

«У адказе мы сказалі, што праект, канешне, наймагутнейшы, аднак тут неабходны добры бізнес-план, якія прадугледжваў бы і рашэнне экалагічных праблем, і незалежнасць ад сыравінных крыніц Расеі. Мы не падтрымалі гэту ідэю, але ж і не запаролі. Аднак наш навуковец пакрыўдзіўся і стаў пісаць на мяне лісты паклёпніцкія, што я дурань і няма чаго мне лезці ў металургію», – расказваў нябожчык Давід Кукуй.

Паводле прафесара, асаблівая крыўда Цімашпольскага была звязана з тым, што ён ужо знайшоў спонсараў пад амбітны праект.

Імаверна, гэты эпізод і стаў сапраўднай прычынаю паўторных праверак работ 5-гадовай даўніны ў рамках дзяржпраграмы «Металургія».

Перапіска «паклёпніцкімі лістамі» ў Цімашпольскага была не толькі з Кукуем, але і з Чычко. Як стала вядома belsat.eu, каля трох год таму Аляксандр Чычко напісаў у Адміністрацыю прэзідэнта ліст адносна Цімашпольскага. Той падаў у суд на паклёп. Слуханні неаднаразова пераносілі, бо пазоўнік не з’яўляўся. Першае паседжанне адмовіла Цімашпольскаму ў пазове. Той абскардзіў прысуд і выйграў наступнае паседжанне «за 15 хвілін».

Загадчыца кафедры «Металургічныя тэхналогіі» БНТУ Ірына Трусава сведчыла тады на карысць Уладзіміра Цімашпольскага.

Спачатку паставіла «4», затым даказвала «адсутнасць навуковай навізны»

trusova

Пазіцыя загадчыцы канкуруючай у БНТУ кафедры цягам развіцця падзей кардынальна мянялася. У апошнім слове Аляксандр Чычко казаў, што ў 2010 годзе, калі навуковы калектыў здаваў выкананыя заданні ў рамках праграмы «Металургія», прафесар Ірына Трусава (на фота) ацаніла іх даволі высока. Паводле методыкі, рэкамендаванай Саветам міністраў, яна выставіла адзнаку «4».

«Можна сказаць, гэта найвышэйшая ацэнка на той момант, бо «пяцёрка» азначала сусветны ўзровень, а «чацвёрка» – беларускі ўзровень прымянення. Адна і тая ж асоба дае супрацьлеглыя адзнакі: у 2010 для кіраўніцтва БНТУ, праз тры гады – для КДБ- сумнеўныя фармулёўкі», – заўважае Аляксандр Чычко.

На папярэднім расследаванні і судзе калега падсудных ужо сведчыла, што працы кафедры «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» «не маюць навуковай навізны і практычнай каштоўнасці».

Акты прыёмкі работ анулявала і Акадэмія навук за подпісам Старшыні Прэзідыуму НАН Уладзіміра Гусакова.

У адкрытым судовым працэсе Аляксандр Чычко неаднаразова казаў, што падаваў заявы і пісаў лісты пра «прыкметы заказной справы» і «неабгрунтаванасць крымінальнай справы» у Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў, Адміністрацыю прэзідэнта. Адказы, якія змог пабачыць belsat.eu, па змесце падобныя.

0000

У матэрыялах крымінальнай справы ёсць заява Ірыны Трусавай у АБЭП, датаваная 2012-ым годам. «Час скончыць са злачыннай групай Собалева, Чычко, Кукуя на чале з Раманюком», – згадвае змест гэтага ліста адзін з абвінавачаных. Таксама фігуруе ананімны данос на прафесара Кукуя.

І адвакаты, і Аляксандр Чычко ў апошнім слове ўказвалі на тое, што паказанні сведак Ірыны Трусавай і Уладзіміра Каралюка на 20 старонках супадаюць, быццам «сведкі дамовіліся, што будуць казаць».

Апошні працаваў у складзе камісіі Міністэрства адукацыі. Паводле ягонага інтэрвю ў СМІ, туды таксама прыходзіла заява аб праверцы БНТУ.

Адзін з падсудных распавёў, што ў лістападзе 2013 году ў следчага двойчы бачыў ліст фарматам А5 з чырвонай шапкай. На ім залацістымі літарамі быў напісаны толькі адзін сказ: «Разабрацца аб’ектыўна і справядліва» ды подпіс «А.Г. Лукашэнка». Фігурант працэсу сцвярджае, што гэты дакумент ёсць у матэрыялах іх крымінальнай справы.

Прысуд у «прафесарскай справе» будзе агучаны 7 ліпеня а 15-й гадзіне ў Менскім гарадскім судзе.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары