Аб гэтым «Белсату» паведаміла маці актывіста.
Пётр Маркелаў 30 ліпеня атрымаў 12 содняў адміністрацыйнага арышту паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне ўдзелу ў масавых мерапрыемствах). Учора ўвечары, 29 ліпеня, ён пайшоў пад СІЗА №1, каб падтрымаць матулю і нявесту палітзняволенага Змітра Фурманава, якія трымаюць там галадоўку.
Ён нічога не рабіў — проста стаяў на вуліцы. Аднак літаральна праз 2 хвіліны да Пятра падыйшоў АМАП. Хлопца папрасілі паказаць дакументы, і забралі ў бус. Больш яго на волі аніхто не бачыў.
Бацькі Пятра ўвесь дзень шукалі сына.
«Мы ўвесь дзень яго шукалі паўсюль, напісалі чатыры скаргі. Яго нідзе «не было», – наракае Ірына Маркелава.
У выніку толькі ўвечары з ёй звязалася адвакатка. Менавіта яна паведаміла, што Пятра судзілі ўвечары ў Маскоўскім РАУСе паводле арт. 23.34. Пры гэтым у Маскоўскім РУУСе бацькам неаднаразова казалі, што Пятра там няма. А ў Партызанскім РАУСе запэўнілі, што іхны сын знаходзіцца ў Маскоўскім.
«Адвакатка з Пецям стасоўвалася па скайпу. Ён скардзіўся, што яго ўвесь час затрымання да суда не кармілі. Зараз тэлефанавала на ЦІП, ён ужо там», – перадае матуля актывіста.
Заўтра родныя Маркелава панясуць яму перадачу. На волю ён выйдзе ўжо пасля выбараў – 10 жніўня.
КТ belsat.eu