Прэзідэнт Украіны прысвоіў лётчыцы Саўчанцы званне Героя Украіны


Кіраўнік Украіны Пятро Парашэнка прысвоіў народнай дэпутатцы Надзеі Саўчанцы званне Героя Украіны.

Украінскі лідар падпісаў адпаведны ўказ. «Надзея з’яўляецца сімвалам нязломнасці ўкраінскага духу і гераізму, сімвалам таго, як трэба абараняць і любіць Украіну, сімвалам нашай перамогі», – заявіў украінскі прэзідэнт, падае unian.net.

Пятро Парашэнка адзначыў мужнасць і стойкасць украінкі, якая была ўзятая ў палон, злачынным чынам перавезеная ў Расею, дзе доўгі час адчувае псіхалагічны ціск і вымушана галадаць у знак пратэсту. Кіраўнік Украіны таксама адзначыў, што Надзея Саўчанка з’яўляецца сімвалам таго, як шмат залежыць ад аднаго чалавека. «Мы зробім усё магчымае для таго, каб вызваліць вас з палону. Я вельмі спадзяюся, што буду мець магчымасць уручыць вам Залатую Зорку Героя Украіны», – сказаў Парашэнка.

33-гадовая ўкраінская вайскоўка, дэпутат Вярхоўнай Рады і чалец парламенцкай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Надзея Саўчанка з ліпеня 2014 года знаходзіцца ў турме ў Расеі. У знак пратэсту Надзея Саўчанка галадае ўжо 80 дзён.

Незалежныя нямецкія медыкі вызначылі, што пасля 6-8 сакавіка лётчыца ніколі не зможа вярнуцца да нармальнага паўнавартаснага жыцця – яна застанецца або інвалідам, або гэта прывядзе да смяротнага зыходу.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Глядзі таксама
Каментары