Праца без досведу і з высокім заробкам. Ахвотных няма


Міліцыя Берасцейскай вобласці працягвае масава шукаць супрацоўнікаў.

Шэраг прапановаў зʼявіўся на біржы працы ды інтэрнэт-парталах. Гэтак, пасаду з заробкам ад 750 рублёў прапаноўвае патрульна-паставая служба Маскоўскага РАУСу Берасця. Пры гэтым досвед службы тут не патрэбны, як і ў выпадку патэнцыйных участковых таго ж упраўлення. Заробак на гэтай пасадзе яшчэ вышэйшы – ад 950 рублёў.

Заработнаю платай ад 800 рублёў заахвочвае Маларыцкі РАУС на пасадзе інспектара ДАІ. Адзінае патрабаванне – узрост да 28-ці гадоў.

Як паведамляў Белсат, на пачатку сакавіка ў Берасці бракавала ўчастковых на кожным пятым міліцэйскім участку. З таго часу сітуацыя пагоршылася, хоць заробкі праваахоўнікаў вышэйшыя за сярэдні па краіне.

Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні заробак у Берасцейскай вобласці ў лютым складаў 731,6 рублёў (сярэдні па краіне – 850,4 рублі). У рэальнасці – значна менш. На берасцейскім рынку працы большасць прапановаў не перавышае 400 рублёў на месяц, тады як апытаныя «Белсатам» берасцейцы лічаць добрым заробак у 500 рублёў.

Кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» і былы следчы Алег Волчак мяркуе, што праблема недахопу супрацоўнікаў мілцыі – перадусім участковых – узнікла даўно. Асабліва востра яна стаіць у невялікіх гарадах.

«Вельмі шмат начальнікаў, якія патрабуюць з гэтага ўчастковага, каб даваў паказнікі. Яны практычна выконваюць усё – і па семʼях ходзяць, і раскрываюць дробныя злачынствы, і займаюцца прафілактыкай. Бывае такое, што фактычна працуюць 20 гадзін на содні. Таксама іхная прэмія залежыць ад таго, колькі яны выпішуць адміністрацыйных пратаколаў у месяц. І вядома, хто праслужыў і звольніўся, распавядае ўсе гэта калегам і людзям. Хто захоча туды пайсці?» – кажа Алег Волчак.

Апранаць міліцэйскую форму беларусаў знеахвочвае і негатыўны імідж міліцыі ў грамадстве.

«Вакол яе вельмі шмат скандалаў. Пасля не зусім законных дзеянняў міліцыянтаў у інтэрнэт трапляюць іх прозвішчы, фотаздымкі. Яны жывуць у гарадах, у іх ёсць дзеці і сваякі, і такі негатыўны імідж безумоўна ўплывае на іх семʼі», – падсумоўвае былы следчы.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў