Прэс-служба Генпракуратуры Беларусі паведаміла пра вынікі пракурорскай праверкі справы аб двайным забойстве ў Бабруйску.
З аналізу прычынаў і ўмоваў, якія «спрыялі» здзяйсненню злачынства – забойства дзвюх дзеўчын 20 ліпеня 2018 г., вынікае, што працаўнікі міліцыі «не кантралявалі належным чынам падуліковую асобу». Пракуратура вынесла прадстаўленне аб прыцягненні працаўнікоў УУС Бабруйскага гарвыканкаму да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.
Нагадаем, што ў ноч на 20 ліпеня абвінавачаны ў забойстве мужчына пазнаёміўся з дзвюма дзеўчынамі ў кавярні і запрасіў да сябе. А 7 раніцы адна з іх патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што разам з сяброўкаю хаваецца ў ванным пакоі кватэры і да іх спрабуе трапіць невядомы.
Праваахоўнікі, хоць і адразу пачалі пошукі, выратаваць жанчын не паспелі – дзяўчына назвала няправільны адрас. Адную ахвяру мужчына зарэзаў, другую – забіў малатком.
ЮВ, belsat.eu