Пра што нельга пісаць беларускаму журналісту


Блакаванне незалежных сайтаў, пільная ліквідацыя Onliner.by, DDOS атакі, выклікі ў пракуратуру ды суды над журналістамі – нервовыя паводзіны ўладаў у адносінах да беларускіх СМІ аналізуюць Паўлюк Быкоўскі і Андрэй Бастунец.

У дзень увядзення 30 %-ага падатку на набыццё валюты да тэмаў-табу беларускіх журналістаў дадалася эканоміка. Менавіта тады, калі людзі даведацца што адбываецца з валютаю ды выказаць усё, што яны думаюць пра чыноўнікаў а таксама знайсці валюту на чорным рынку

«У Беларусі дзве траціны эканомікі ўсё ж такі кіруецца дзяржавай, а закрыць доступ да дзяржаўных прадпрыемстваў вельмі лёгка. Але тое, што адбываецца ля абменнікаў і ў крамах, усё роўна не схаваеш. Калі людзі думаюць, што гэта адзінкавы выпадак, яны паступаюць адным чынам. Калі бачаць, што тэндэнцыя – паступаюць інакш», – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Тэмы-табу беларускіх журналістаў

Паўлюк Быкоўскі заўважае, што летась былі хутчэй палітычныя перашкоды для працы рэдакцый, а эканамічныя артыкулы нікога так не раздражнялі. І называе яшчэ адну тэму, на якую беларускія журналісты традыцыйна маўчаць – сям’я кіраўніка краіны.

На пытанне, ці бяспечна пісаць пра вайсковы патэнцыял нашай краіны, суразмоўца Belsat.eu узгадвае гісторыю пачатку 90-х. Тады ў шпіянажы абвінавацілі журналіста БелТА і журналіста «Рэспублікі», бо яны перадалі ксеракопіі артыкулаў сваіх выданняў турэцкаму дыпламату. Уладам было трэба выслаць турэцкага дыпламата і толькі. На думку Быкоўскага, у гісторыі з утрыманнем у следчым ізалятары КДБ вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна можа адбывацца нешта падобнае.

Сацыялка? Таксама ні слова!

Журналіста «Белсату» Алеся Залеўскага пакаралі штрафам у 6 мільёнаў за матэрыял пра злоўжыванні і карупцыю ў сферы ЖКГ у Слоніме.

«У нармальнай сітуацыі дзяржава паставілася б да мяне як да партнёра ў той жа карупцыйнай справе – я дапамог! Паспрабаваў палепшыць наш дзяржаўны і грамадскі стан рэчаў. Але ў выніку я атрымаў рэпрэсіі. Гэта відавочны сігнал, што пра гэта могуць пісаць і рабіць высновы толькі праваахоўнікі ці па ўказцы дзяржаўныя медыі», – кажа Алесь Залеўскі.

І дадае, што паводле беларускіх уладаў, незалежныя медыі могуць пісаць «пра апазіцыянераў ці палітыкаў, якія сядзяць на грантах», але аніяк не пра праблемы простага чалавека. У праціўным выпадку просты чалавек пачне сумнявацца ў аўтарытэце кіраўніцтва краіны.

У той жа час Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што ў выпадку Алеся ўлады могуць негатыўна ставіцца да самой асобы журналіста, альбо СМІ ў якіх публікуецца матэр‘ял, а не да зместу матэрыялаў. Тое ж самае можна сказаць і пра некаторыя іншыя прысуды журналістам – магчыма, некаторых такім чынам хочуць прымусіць з’ехаць за мяжу, лічыць юрыст БАЖ Андрэй Бастунец.

Інфармацыйная вайна. Хто выйграе?

Дык хто перамагае ў супрацьстаянні «журналіст-улада». Выглядае на тое, што дзяржава мае вялікую перавагу, але Андрэй Бастунец не згаджаецца:

«Кожны журналіст, кожная рэдакцыя абіраюць свой шлях. Зразумела, шмат хто прытрымліваецца галосных ці негалосных забаронаў. З іншага боку ёсць рэдакцыі, якія дастаткова жорстка і адкрыта пішуць на гэтыя складаныя тэмы. Думаю, тут няма аднаго вернага адказу, ці атрымліваецца ўладам закрываць рот журналістам. У шэрагу выпадкаў атрымліваецца, а ў шэрагу – не».

Атрымліваецца, адзіная тэма, на якую можна пісаць – афіцыйная палітыка Аляксандра Лукашэнкі. І тое, патрапіць на яго прэс-канферэнцыю ці іншую афіцыйную падзею, незалежныя журналісты, якія не трапляюць у сціслы прэзідэнцкі пул, не могуць.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў