Польскі віцэ-міністр распавёў «Белсату», што зменіцца для беларусаў падчас працаўладкавання ў Польшчы


Інтэрв’ю з польскім віцэ-міністрам сям’і, працы і сацпалітыкі Станіславам Шведам.

«Белсат»: Пытанне пра змены, якія ўводзяцца: навошта яны?

Станіслаў Швед: З 1 студзеня мы ўносім папраўкі ў закон, які закране занятасць грамадзянаў трэціх краінаў, у тым ліку грамадзянаў Украіны. Да гэтай пары ў нас было юрыдычнае рашэнне, якое дазваляла працаваць грамадзянам трэціх краінаў: з аднаго боку, на падставе дазволу на працу, а з другога – на падставе гэтак званых заяваў, што спрашчала занятасць грамадзянаў шасці дзяржаваў былога Савецкага Саюзу (маюцца на ўвазе грамадзяне Украіны, Беларусі, Расеі, Арменіі, Малдовы ды Грузіі). Гэтыя шэсць краінаў былі ў прывілеяваным становішчы, што датычыць занятасці. Але Еўрапейская камісія і Еўрапейскі парламент абавязалі нас зрэалізаваць гэтак званую сезонную дырэктыву, якая датычыць трох галінаў: сельскай гаспадаркі, пладаводства і турызму. У звязку з гэтым мы ўносім змены, а з 1 студзеня гэтыя змены набудуць моц. Такім чынам, у нас будзе два тыпы. Першы тып занятасці будзе грунтавацца на сезоннай дырэктыве ў трох галінах, пра якія я казаў. Гэтак можна будзе ўладкоўваць на працу асобаў з трэціх краінаў тэрмінам да дзевяці месяцаў на год.

Другое пытанне, звязанае са зменамі, таксама датычыць гэтых шасці краінаў, пра якія я казаў. Застаецца форма гэтак званых заяваў, на аснове якіх будзе выдавацца дазвол на працу. Гэтыя кароткатэрміновыя перыяды будуць складаць шэсць месяцаў цягам дванаццаці месяцаў, то бок гэта будзе карацейшы перыяд. Такая форма будзе выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах: рэстараны, прамысловасць, будаўнічая галіна або кіроўцы. Вось тыя сферы, дзе ў Польшчы вялікая зацікаўленасць, і для гэтых шасці краінаў ёсць яшчэ большыя спрашчэнні. Калі хто-небудзь будзе працаваць у Польшчы паводле дамовы аб працы, мае магчымасць падаць дакументы на гэтак званую трохгадовую візу, гэта значыць, з гэтага кароткага тэрміну перайсці на даўжэйшы, у тым ліку ў той галіне, дзе для гэтага патрэбны аналіз рынку працы. Таксама спрашчэнні датычаць першых трыццаці дзён працы. Працадаўца зможа накіраваць працаўніка на іншую працу – напрыклад, з прычыны надвор’я, калі працу немагчыма выканаць.

Грамадзяне Беларусі – гэта другая паводле колькасці група грамадзянаў з краінаў былога Савецкага Саюзу. Да канца лістападу грамадзянам Беларусі выдалі 10 тысячаў дазволаў на працу, што азначае рост на 130 %. Да канца лістапада зарэгістравалі 52 тысячы заяваў аб дазволе на працу, датычыць гэта 38 тысячаў чалавек, што азначае рост на 100 %, і гэты выразны рост занятасці грамадзянаў Беларусі. Вядома, першае месца займаюць грамадзяне Украіны, але гэта – вынік палёгкі ў атрыманні візы і нашай супрацы. Але таксама супраца ёсць і з Беларуссю, у выніку працаўнікоў прыязджае больш.

– Чым выкліканыя спрашчэнні ў законе? Рынак не дастаткова насычаны?

– Мы маем найменшае беспрацоўе за 26 гадоў, у адсотках гэта 6,6 %, а калі перавесці ў лічбы Еўрастату, то будзе 4,6 %. Мы застаемся сярод пяці краінаў з самым нізкім паказнікам беспрацоўя. З гэтага вынікае вялікі прагал датычна найму персаналу. Асабліва ў асноўных сферах ёсць запатрабаванасць у працаўніках, для такіх галінаў і існуюць спрашчэнні: сельскае гаспадарка, пладаводства, турызм. Сітуацыя таксама змяняецца ў будаўнічай галіне. У сферы паслуг і ў крамах патрэбны персанал. Прычына гэтага таксама ў тым, што частка нашых працаўнікоў працуе за мяжой.

– Ці ёсць узровень, якога вы хочаце дасягнуць? Колькі мільёнаў працаўнікоў вам патрэбныя, каб вашая эканоміка развівалася?

– На гэты момант, паводле нашых ацэнак, працуюць прыкладна паўтара мільёна чалавек з трэціх краінаў – гэта значыць, з-за межаў Еўрапейскага Звязу. Вядома, гэта не фіксаваная лічба, яна змяняецца, яна застаецца на ўзроўні аднаго мільёна – улетку паўтара мільёна. У залежнасці ад сітуацыі або патрабаванняў рынку працы, гэта дастаткова стабільная лічба. Мы ўлічваем і тых, хто пакінуў нашую краіну, каб у нас рынак збалансаваўся. Таму таксама пры найме адбываецца аналіз рынку працы – калі недзе нашыя грамадзяне беспрацоўныя, то ў гэтае месца не выдаецца дазвол на працу, а калі зірнем на Варшаву, дзе беспрацоўе ніжэйшае за два адсоткі, тут рынак прыме любую колькасць працаўнікоў, бо яны папросту запатрабаваныя.

Вядома, гэта залежыць ад кожнага рэгіёну краіны. Таксама важна, каб грамадзянам трэціх краінаў тыя змены, што мы ўводзім, забяспечвалі годныя ўмовы працы – гэта пытанне як мінімальнага заробку, гэтак і пагадзіннай стаўкі – якія маюць моц у нашай краіне. Каб яны не былі пакрыўджаныя, але і каб не аказвалі негатыўнага ўплыву на рынак працы, зніжаючы ўзровень аплаты працы.

Фотаздымак gazetahimik.ru

Глядзі таксама
Каментары