Побач з курортам знайшлі закінуты крэматорый з 60 трупамі


Мексіканская паліцыя выявіла целы ў закінутым крэматорыі на ўскраіне турыстычнага гораду Акапулька. Як перадаюць мясцовыя СМІ, у чацвер увечары ў паліцыю патэлефанавалі суседзі, якія адчулі падазроны пах.

Целы жанчын, мужчын і дзяцей былі знойдзены ў забальзамаваным стане і былі гатовыя да крэмацыі.

Паліцыя распачала расследаванне ў справе аб апаганенні целаў і парушэнні патрабаванняў пахавання і эксгумацыі.

Прыватны крэматорый зачыніўся год таму «праз банкруцтва або няздольнасці выплаціць даўгі крэдыторам», паведамілі ў пятніцу ў пракуратуры.

Парушэнне заканадаўства ў тым, што падрыхтаваныя целы гэтак і не былі спаленыя. Улады лічаць, што працаўнікі крэматорыя пасля банкруцтва пакінулі іх раскладацца.

На фотаздымках памяшкання бачныя груды трупаў, якія ляжаць на падлозе і загорнутыя ў брудныя прасціны. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што целы былі пакрытыя вапнай, каб ад іх не распаўсюджваўся пах.

Паліцыя звярнулася да мясцовых пахавальных бюро, якія цягам апошніх двух гадоў накіроўвалі целы на крэмацыю. Некаторыя сваякі памерлых папрасілі правесці аналіз парэшткаў, якія ім выдалі ў крэматорыі. Як доўга трупы праляжалі ў памяшканні, яшчэ высвятляюць эксперты.

Крэматорый знаходзіцца за 200 км ад гораду Ігуала, дзе ў верасні зніклі без весткі 43 студэнты.

Паводле «Бі-бі-сі»

Глядзі таксама
Каментары